У дачыненні да яго ўзбуджана другая крымінальная справа — за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча.

Пра гэта БелаПАН распавёў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Павел Траулька.
Паводле яго слоў, пры расследаванні ўстаноўлена, што Полудзень “сістэматычна на працягу доўгага перыяду атрымліваў ад службовых асоб органаў унутраных спраў матэрыяльныя каштоўнасці і грашовыя сродкі”.

Не хочацца абараняць Полудня – відаць, заслужыў, — але ёсць шэраг пытанняў.

Калі Полудзень так доўга браў “грашовыя сродкі”, чаму тыя, хто пра гэта ведаў, не спынілі яго адразу?

Чаму за руку не затрымалі пры перадачы яму гэтых самых “каштоўнасцяў” тых, хто іх яму прынёс? Ну калі пра гэта раней было вядома, дык чаму не спынілі карупцыйную дзейнасць?

Чаму чалавека кінулі ў СІЗА і толькі цяпер “у ходзе папярэдняга следства правяраюцца новыя дадзеныя аб здзяйсненні ім іншых злачынстваў супраць інтарэсаў службы, а таксама дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці былога намесніка міністра службовых асоб праваахоўных органаў”?

Вядома, што пры прызначэнні на высокія пасады ўсіх без выключэння правяраюць уздоўж і ўпоперак. І калі на Полудні няма было дзе кляймо паставіць, дык чаго яго ўвогуле прызначылі? І куды глядзелі тыя правяраючыя? Вочы не бачылі, каго падсунулі на адказную пасаду ў МУС?

І, бадай, самае галоўнае: чаму маўчыць міністр Куляшоў? Чаму ад сораму не бяжыць са сваёй пасады? Альбо чаму не просіць прабачэння – Полудзень быў жа яго першым намеснікам! – маўляў, не заўважыў, што побач працаваў злачынца…
Чаму?..

З гісторыі справы

Былы намеснік міністра ўнутраных спраў быў затрыманы 8 снежня мінулага года, справа ў дачыненні да яго за злоўжыванне ўладай абослужбовымі паўнамоцтвамі Генпракуратура ўзбудзіла ў той жа дзень. 15 снежня палкоўніку было прад’яўлена абвінавачанне ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

На пачатку лютага тэрмін расследавання крымінальнай справы і тэрмін утрымання Полудня пад вартай былі падоўжаны да 6 чэрвеня.
Абедзве крымінальныя справы ў дачыненні да Полудня злучаны ў адну вытворчасць.



Поделиться ссылкой: