Саўка і Грышка, якія ўвасабляюць сабой два супрацьлеглых полюса беларускага грамадзтва, так званых «застабілаў» і «змагароў», ізноў сышліся, каб абмеркаваць апошнія падзеі. Таму, што выклікае ў «змагара»-Грышкі абурэнне, «застабіл»-Саўка традыцыйна знаходзіць апраўданні. А напрыканцы размовы, хутка стаміўшыся ад нязручных пытанняў, адмахваецца ад іх. Бо яны яму не цікавыя.

Уласна кажучы, у гэтым уся сутнасць шараговага «застабіла». Яму да лямпачкі высілкі штатных прапагандыстаў прыдумаць нейкі высокі сэнс, скажам, рэпрэсіўнай палітыцы ўладаў, паставіць яе на адзін узровень са Сталіным. Гэта ўсё «застабілу» таксама не цікава. Ён звычайна не падзяляе якой-небудзь злачыннай ці ганебнай ідэалогіі, наогул не мае выразных палітычных поглядаў. У яго проста няма жадання заўважаць нешта па-за вузкімі межамі свайго быту, цікавіцца чым-небудзь, апрача ўласнага прыватнага жыцця, жыцця герояў свецкай хронікі і тэлесерыялаў. Ён хоча заставацца шчаслівым і бестурботным. 

Зрэшты, як і мы ўсе. Ніхто ж не скажа, быццам яму хочацца быць няшчасным и заклапочаным. Але ў некаторых з нас закладзены беспакойлівы і надакучлівы ген, які не дазваляе быць шчаслівым і бестурботным, калі навокал столькі няшчасця, турботаў і заганаў. Грышка якраз адзін з такіх.

Саўка:
Ну што ж, я паздраўляю Курманбека,
Што стаў ён беларускім чалавекам.
І ўсё імее – паспарт і прапіску
І домік неплахой купіў пад Мінскам.

Грышка:
Так, ён някепскі, мабыць, дом ягоны,
Калі каштуе пару мільёнаў.
Адмылі грошы, ціха ўсё і чыста,
Так на грудзях прыгрэлі мы злачынца.

Саўка:
Рыгор, людзям пажыць спакойна дай ты!
Бакіева хто хочаш апраўдает.
Он зашчышчыў дварэц свой прэзідзенцкі
Ад цех, хто разашоўся не па-дзецкі.

Грышка:
Усё нармалізуецца калісці.
За краты сядуць каты і злачынцы.

Саўка:
Ай, эці мне прагнозы надаелі!
Давай мы сьменім цему, ў самам деле!

Грышка:
Тады скажы, пра што дыскутаваць нам?
Пра «баш на БАЖ» альбо пра палітвязняў,
Пра чорны спіс ці пра свабоду прэсы?

Саўка:
Ай, эта ўсё саўсем не інцярэсна!

Звон пабітага шкла.

Голас: Рукі ўверх! Паступіла саабшчэніе, што ў гэтым памяшчэніі дзействуе падпольная порнастудзія. Усе – на выхад!

Праслухаць песню

Поделиться ссылкой: