Шушкевіч адмовіўся сустракацца са студэнтамі ЕГУ

3

На сайце беларускага ВНУ ў выгнанні з’явілася інфармацыя, што былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання Станіслаў Шушкевіч адмовіўся ад сустрэчы са студэнтамі, нягледзячы на запрашэнне Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ.

Дарыюс Удрыс, прарэктар па развіцці і міжнародных адносінах, так патлумачыў сітуацыю: “Шкада, што С.Шушкевіч адмовіўся ад запрашэння (студэнтаў). Нашы студэнты запрасілі Шушкевіча па ўласным жаданні дзеля таго, каб зладзіць канструктыўнае абмеркаванне выказанай раней крытыкі ўніверсітэта і студэнтаў. Грамадзянскі ўдзел і актыўнасць – гэта частка таго, у чым мы імкнемся пераканаць студэнтаў падчас вучобы. Мы шкадуем аб адмове спадара Шушкевіча”.

Станіслаў Шушкевіч кажа, што не адмаўляецца ад сустрэчы, але лічыць, што адміністрацыя ВНУ таксама павінна прымаць удзел у запрашэнні:

— Я ніколі не хавай свайго стаўлення да ЕГУ, — пракаменціраваў “Народнай Волі” сітуацыю Станіслаў Шушкевіч. —  І ў інтэрв’ю літоўскаму штодзённіку “Lietuvos rytas”, якое было надрукавана 19 снежня 2011 года, адзначыў, што ЕГУ нельга называць дэмакратычным універсітэтам, таму што рэктар Міхайлаў сядзіць у крэсле рэктара больш нават, чым Лукашэнка на пасадзе прэзідэнта. У еўрапейскіх універсітэтах, дзе шануюцца дэмакратычныя каштоўнасці, такой практыкі няма. Там рэктар абіраецца максімум на два тэрміны. ЕГУ я лічу антыбеларускім універсітэтам, бо студэнты не валодаюць беларускай мовай, а кіраўнік універсітэта размаўляе на розных мовах, акрамя беларускай.

Студэнты хацелі абмеркаваць са мною артыкул, я так разумею. Але я знаходжуся ў Мінску, яны – у Вільнюсе. Я прапанаваў ім узгадніць нашу сустрэчу з адміністрацыяй. Яны напісалі, што адміністрацыя не супраць. Але да мяне ніхто з кіраўніцтва ЕГУ не звярнуўся.


Няма запісаў для адлюстравання