Гунар Віганд, дырэктар па пытаннях Расіі, Усходняга Партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці паведаміў, што Еўрасаюз гатовы распачаць дыялог з беларускімі ўладамі.

Сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі быў на сустрэчы і паведаміў, што сп. Віганд адной з мэтаў свайго візыту назваў дэманстрацыю адкрытасці і гатоўнасці Еўрасаюза да дыялога. Гунар Віганд будзе прапаноўваць беларускаму рэжыму план мадэрнізацыі і фінансавай падтрымкі Беларусі. Разам з тым ён адзначае, што дыялог будзе абумоўлены шэрагам пытанняў і будзе весціся пры пасярэдніцтве беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Віталь Рымашэўскі паведаміў: “Калі ў сваім дыялогу ЕС будзе прытрымлівацца плану, распрацаванага ўлетку 2011 года беларускімі дэмакратычнымі сіламі, то тады ён для нас цалкам прымальны. Нагадаю, што распрацаваны намі план уключае тры пункты: безумоўнае вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, правядзенне дэмакратычных выбараў і эканамічная мадэрнізацыя. У такім фармаце дыялог можа весціся. Пры гэтым ён павінен быць адкрытым, каб пазбегнуць тых выпадкаў, калі адна арганізацыя, як гэта зрабіў “Офіс за дэмакратычную Беларусь”, выступае ад імя ўсіх беларускіх дэмакратычных сілаў”.

Поделиться ссылкой: