7 лютага СМІ атрымалі тэкст заявы, прынятай з нагоды выхаду ў эфір БТ дакументальнага фільма “Баш на БАЖ”.
Заяўнікі разглядаюць гэты сюжэт “не толькі як выпад супраць вядомага грамадскага аб’яднання, але і як небяспечны сігнал пра магчымы пачатак новага наступу дзяржаўных органаў на свабодную прэсу і журналістаў”, паведамляе БАЖ.
Дакументы, паказаныя ў эфіры тэлеканала “Беларусь-1”, якія нібыта датычацца дзейнасці грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ), з’яўляюцца “сфабрыкаванай фальшыўкай”.
Аб гэтым заявіла кіраўнік БАЖ Жанна Літвіна, каментуючы дакументальны фільм “Баш на БАЖ”, паказаны ўвечары 5 лютага. У фільме кіраўніцтва БАЖ абвінавачвалася ў атрыманні грантаў ад амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі. Пры гэтым сцвярджалася, што гэтыя сродкі не былі зарэгістраваныя ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У фільме фігуравалі раздрукоўкі сродкаў, нібыта атрыманых БАЖ, – без пячатак і подпісаў, а таксама ананімны ліст нібыта ад былога члена БАЖ, які абвінавачваў асацыяцыю ў нямэтавым выдаткоўванні сродкаў.
Асамблея заклікае гамадзянскую супольнасць да салідарнасці з БАЖ, незалежнымі СМІ і журналістамі, звяртаецца да суграмадзян з заклікам не верыць сродкам дзяржаўнай прапаганды, а таксама патрабуе ад Міністэрства інфармацыі вынесці папярэджанне тэлеканалу, што дапусціў распаўсюд хлуслівых і ганебных для дзелавой рэпутацыі БАЖ звестак.