Асамблея НДА ўзнагародзіла чэмпіёнаў года

8

Восем узнагарод уручылі прадстаўнікі Асамблеі неўрадавых дэмакратычных арганізацый на ўрачыстай цырымоніі ў васьмі намінацыях. Падобны чэмпіянат адбываецца трэці год запар.

Першай чэмпіёнкай году стала “Галерэя Ў”. Прысутныя выказалі пажаданне, каб і надалей там працягвалі збірацца цікавыя персоны і дэманстравалі свае працы.

У намінацыі “Новая ініцыятыва”  перамог праект “Народны журналіст”. Узнагароду атрымала Наста Кажапенка. Дзяўчына распавяла, што пасля падзеяў 19 снежня 2010 года саспела неабходнасць у такім праекце. Людзі ахвотна пісалі з розных куткоў Беларусі свае апавяданні, эсэ, распавядалі пра праблемы на месцах – карупцыя, дарогі, камунальныя службы і г.д. Журы, у якое ўвайшлі прафесійныя філолагі, ацэньвала працы і вызначала найбольш цікавыя.
   
Чэмпіёнамі сталі дзве арганізацыі ў намінацыях “Рэгістрацыя года” і “Нерэгістрацыя года”.  У першай было вельмі мала кандыдатур і перамога дасталася “Офісу па правах людзей з інваліднасцю”. Што да другой, то тут было шмат канкурэнтаў, сярод якіх і “За аўто”, але перамог “Цэнтр развіцця валантэрства”. Пасля таго, як у Мін’юсце людзі ў цывільным прапанавалі заснавальнікам супрацоўнічаць з КДБ у абмен на рэгістрацыю і атрымалі адмову, арганізацыі адмовілі ў рэгістрацыі. Гэтая справа атрымала розгалас у сацыяльных сетках.

“Кампаніяй года” узнагародзілі кампанію па збору подпісаў супраць артыкулу за ўдзел у некамерцыйнай арганізацыі.

Узнагароду за самы актуальны інтэрнэт-сайт не было каму прымаць. Прысутныя праслухалі аўдыёфайл, з якога вынікала, што стваральнікі сайта пакуль не могуць асабіста прысутнічаць на цырымоніі, бо хочуць быць на свабодзе. А размова ішла пра сайт www.prokopovi.ch . Арганізатары пажартавалі, што хацелі запрасіць былога старшыню Нацбанка Беларусі, але ў выніку вырашылі гэтага не рабіць.

Яшчэ адзін пераможца не змог сам прыняць узнагароду. За Алеся Беляцкага ўзнагароду атрымалі Валянцін Стэфановіч і Тацяна Рэвяка. Такая ж сітуацыя адбылася ў намінацыі “Рэгіянальная падзея года”. У ёй перамагла забастоўка камунальнікаў у Барысаве. Узнагароду атрымаў барысаўскі журналіст, які пісаў пра тыя падзеі. Арганізатары для камунальнікаў зрабілі сімвалічныя прызы і перадалі іх журналісту са словамі “цвікі б вырабляць з тых людзей”. Сапраўды, на цвіках былі замацаваныя бел-чырвона-белыя стужачкі. 

Старшыня працоўнай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч паведаміў “Народнай Волі”, што грамадзянская супольнасць у Беларусі існуе, нягледзячы на ўсе забароны і перашкоды. Ён пераканаы, што яна будзе пашырацца, бо падмуркам для яе служыць дэмакратычна скіраваная моладзь. Стыхійныя акцыі пратэста – “Стоп-бензін”, маўклівыя акцыі, пратэсты кіроўцаў на мяжы ды іншыя – дэманструюць, што прага да дэмакратычных пераменаў у грамадстве ёсць, лічыць палітык.


Няма запісаў для адлюстравання