Такое меркаваньне ён выказаў у інтэрв’ю сайту Аб’яднанай грамадзянскай партыі, потым публікацыя была перадрукаваная сайтам «Беларускі партызан».
Суздальцаў: Някляеў разумеў, што яго вядуць на закол. Але вырвацца складана. Ілюзія кампаніі, барацьбы. Я не выключаю, вядома, што нейкі расійскі алігарх ў гэтым фінансаванні і паўдзельнічаў, але наогул — гэта падтрымка Макея. Усе выбары 2010 года — гэта сцэнар Макея.
Сайт АГП: Я правільна разумею, што Макей пры гэтым працаваў не на сябе, а на Лукашэнку?
Суздальцаў: Вядома. Гм…
Сайт АГП: І яны атрымлівалі гэтыя грошы праз нейкія вельмі складаныя схемы, і не ведалі, што яны ад Макея?
Суздальцаў: Ну, здагадваліся, напэўна…
Сайт АГП: Я да таго што, можа быць, калі яны не ведалі, адкуль гэтыя грошы, можа, яны і не вінаватыя?
Суздальцаў: Ой, ну, хлопцы, дзіцячы сад… Яны ж палітыкі …»
Як паведаміла рэдактар сайта АГП Ганна Красуліна, нагодай для інтэрв’ю стаў артыкул А. Суздальцава, апублікаваны на яго сайце, дзе ў прыватнасці гаворыцца: «Аўтар гэтых радкоў з поўнай падставай бярэцца сцвярджаць, што цэлы шэраг кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. пасля наведання Адміністрацыі прэзідэнта РБ атрымалі фінансаванне ад беларускіх уладаў праз Літву і Ўкраіну».
Рэдактар сайта АГП таксама заявіла:
Красуліна: Насамрэч пра тое, што лідары ўсёй апазіцыі купленыя Лукашэнкам і на яго грошы праводзяць гульню ў легітымнасць рэжыму, Суздальцаў заявіў у сваёй публікацыі «Байкот». АГП палічыла неабходным высветліць, каго ён мае на ўвазе. Мы патэлефанавалі, каб удакладніць. І ён пачаў называць такія імёны. Для нас было важна высветліць, ці лічыць ён лідараў АГП такімі.
РС: І вас задаволіла тое, што ваша партыя, паводле Суздальцава аказалася чыстай, а «Гавары праўду» гэтак «аскаромілася»?
Красуліна: Ну я задавала дадатковыя пытанні. Для мяне тэза Суздальцава невідавочная, фактаў няма. Але пытанне маральнага плану ёсць. Калі недзе бярэш грошы, то трэба разумець, што гэта важнае пытанне.
РС: А ці няма сувязі паміж з’яўленнем гэтай публікацыі на вашым сайце і выключэннем з вашай партыі аднаго з кіраўнікоў «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева?
Красуліна: Не, такой сувязі няма. Мы пра сябе задавалі пытанне. Мы былі абураныя агульным абвінавачаннем. Ну і калі нам Суздальцаў сказаў, што нас не мае на ўвазе, мы спыталі — а каго мае. Ён адказаў. Нас не ўзрадавала меркаванне Суздальцава і яго меркаванне — гэта не меркаванне сайта АГП ці кіраўніцтва нашай партыі.
Публікацыю на сайце АГП мы папрасілі пракаментаваць аднаго з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева.
Дзьмітрыеў: Я магу выказаць вялікае шкадаванне, што такая паважаная структура, як АГП, з такой лёгкасцю паддалася на правакацыі чалавека, які заўсёды выказвае думкі, найбольш прыемныя для Масквы і для Крамля непасрэдна. Што тычыцца гэтай заявы, то што тут можна сказаць? Кампанія «Гавары праўду» стваралася пад эгідай Уладзіміра Някляева. І ніхто іншы не з’яўляўся ніколі ні яе лідарам, ні дыктаваў, што рабіць.
РС: Але з часоў выбараў было таямніцай і застаецца цяпер пытанне крыніцаў фінансаваньня вашай кампаніі. Гэта, відаць, і дало падставы Суздальцаву выказваць свае гіпотэзы на гэты конт.
Дзьмітрыеў: Суздальцаў не мяркуе, а сцьвярджае. І гэтае яго сцьвярджэнне з’явілася вельмі своечасова. Уладам трэба зрабіць усё, каб не было аб’яднанай апазіцыі, каб яна сварылася паміж сабой. І Суздальцаў выкарыстоўвае для гэтага сілу, якая дагэтуль яшчэ не падпісала супольнае пагадненне — я маю на ўвазе АГП. Гэта ўсё прыдумкі Суздальцава, ці нават не яго, якія ён агучыў.
РС: Вы сказалі, што Суздальцаў агучвае меркаванні Крамля? А чаму Крэмль зацікаўлены дыскрэдытаваць вас?
Дзьмітрыеў: Зацікаўленасць Крамля — каб Лукашэнка выконваў свае дамовы з Крамлём і кантраляваў усё ў краіне. Аб’яднанне апазіцыі можа стварыць новую сітуацыю і спрыяць крокам у бок Захаду, у чым Масква не зацікаўленая. Але можам супакоіць Суздальцава і іншых — спрэчак, якіх яны хочуць, ня будзе.