Мінгарсуд не задаволіў скаргу Мікалая Казлова (фотарэпартаж)

1

У Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая Казлова.

— Да суда падрыхтаваўся грунтоўна, — расказвае Мікалай Казлоў. —  Узяў адваката, бо, калі справа разглядалася ў Маскоўскім судзе, я быў упэўнены, што лёгка дакажу суду, што міліцэйскі рапарт — суцэльная хлусня, і мяне адпусцяць. Але суддзя Чарняк не прыслухалася ні да аднаго майго аргумента, не задаволіла шэраг хадайніцтваў. Таму цяпер у працэсе будзе ўдзельнічаць адвакат.

Таксама знайшліся сведкі майго затрымання 19 снежня. Адзін хлопец нават бачыў сам момант затрымання, як людзі ў цывільным мяне падхапілі на пешаходным пераходзе і кінулі ў аўтобус, які пад’ехаў. Яшчэ трое сведак знаходзіліся са мной у гэтым аўтобусе. Усе яны пацвердзілі, што прыйдуць у суд.
Пра справу Мікалая Казлова “Народная Воля” пісала падрабязна. Былога афіцэра людзі ў цывільным затрымалі 19 снежня 2011 года на пешаходным пераходзе каля Кастрычніцкай плошчы, а потым у міліцэйскім рапарце напісалі, што ён быў затрыманы каля Чырвонага касцёла (у той вечар мінчане палілі каля касцёла свечкі ў знак салідарнасці з палітвязнямі, затрыманымі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года). Казлоў быццам бы лаяўся, парушаў грамадскі парадак.
“Парушальніка” затрымалі і не выпускалі да суда, яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна.

У судзе Маскоўскага раёна былы супрацоўнік міліцыі прад’явіў доказы сваёй невінаватасці, і, здавалася б, яго павінны былі адпусціць. Па-першае, ён прапанаваў суду ўстанавіць і дапытаць сведак, якія знаходзіліся з ім у аўтобусе пасля затрымання каля Кастрычніцкай плошчы. Па-другое, запатрабаваць у аператара сотавай сувязі раздрукоўку яго тэлефонных размоў за той перыяд часу, калі, як напісалі міліцыянеры ў рапарце, ён лаяўся каля Чырвонага касцёла. Але суддзя Чарняк, відаць па ўсім, не захацела апытаць сведак, як хадайнічаў Казлоў. Ёй чамусьці хапіла толькі сведчанняў двух міліцыянтаў, якія настойвалі на тым, што затрымалі Казлова на вуліцы Савецкай. Не прыняла суддзя да ўвагі і даведку ад аператара мабільнай сувязі, па якой было відаць, што ў той час Казлоў знаходзіўся ў раёне Кастрычніцкай плошчы і ніяк не мог быць каля Чырвонага касцёла. Рашэнне суда — 5 сутак арышту.

Сёння ў Мінскім гарадскім судзе Мікалай Казлоў даказвае, што гэтае рашэнне беспадстаўнае, што асудзілі яго незаконна.
Нагадаем, што імя падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая Казлова стала вядома ў 2010 годзе, калі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ён са старонак “Народнай Волі” расказаў пра скандальны факт фальсіфікацыі вынікаў датэрміновага галасавання ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў верасні 2008 года, сведкам якога ён быў.

Касацыйную скаргу Мікалая Казлова разглядаў суддзя Мінскага гарадскога суда Уладзімір Храбастаў. У суд таксама з’явіліся сведкі – Дзмітрый Сільчанка і Аляксандр Сцепаненка, якія пасля затрымання знаходзіліся з Мікалаем Казловым у адным аўтазаку і разам з Казловым былі затрыманы ў раёне Кастрычніцкай плошчы.

Адразу адзначым, што сведкі пры разглядзе касацыі дапытаны не былі. Суддзя Уладзімір Храбастаў спаслаўся на тое, што Мінскі гарадскі суд не мае права дапытваць сведак па справе. Адзінае, чаго ўдалося дамагчыся Мікалаю Казлову і яго адвакату Яўгену Маславу, дык гэта далучэнне да справы некаторых пісьмовых матэрыялаў – сярод іх тлумачэнні сведак, узятыя адвакатам і прамова самога абаронцы ў Мінгарсудзе.
Не прынесла сенсацыі і канчатковае рашэнне Уладзіміра Храбастава. Суд не задаволіў скаргу Мікалая Казлова. Такім чынам, рашэнне суда Маскоўскага раёна Мінска аб пяцісутачным адміністрацыйным арышце былога міліцыянера прызнана законным.

Пакінуўшы без задавальнення скаргу, суддзя Уладзімір Храбастаў у судовым пасяджэнні не патлумачыў прычыну такога рашэння, спаслаўшыся на тое, што Казлоў зможа азнаёміцца з ім, атрымаўшы на рукі пісьмовае судовае рашэнне.

Зараз у Мікалая Казлова ёсць шэсць месяцаў на абскарджванне гэтага рашэння касацыйнай інстанцыі. У размове з карэспандэнтам “Народнай Волі” ён сказаў, што абавязкова скарыстаецца гэтым правам і будзе абскарджваць рашэнне ў звароце на імя старшыні Мінскага гарадскога суда.

Мінгарсуд не задаволіў скаргу Мікалая Казлова (фотарэпартаж)

Мінгарсуд не задаволіў скаргу Мікалая Казлова (фотарэпартаж)

Мінгарсуд не задаволіў скаргу Мікалая Казлова (фотарэпартаж)

Мінгарсуд не задаволіў скаргу Мікалая Казлова (фотарэпартаж)

Фота Віталя Гарбузава


Няма запісаў для адлюстравання