Алег Воўчак: “Умовы на Акрэсціна – гэта катаванне”

6

“Самае цяжкае выпрабаванне – гэта холад. У камеры было не больш за 16 градусаў цяпла. Увесь час з крана цякла вада і таму было вельмі праблематычна спаць. Холад і гэты бясконцы гук…”, — сказаў праваабаронца.

Алег Воўчак распавёў, што ў камеры, дзе ён знаходзіўся да адпраўкі ў суд, ён праводзіў “палітінфармацыі”. “Мяне вельмі здзівіла, наколькі ў нас палітызаванае грамадства. Калі я сказаў бамжам, што я палітычны, то яны ў мяне адразу спыталі: “А вы з АГП ці сацыял-дэмакрат?”. Людзі вельмі кепска ставяцца да ўладаў, прычым, незалежна ад іх статуса”.

Праваабаронца заявіў, што камеры ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна трэба тэрмінова рамантаваць. “На сценах камеры назапашваецца ўсялякі бруд. Гэта антысанітарыя. Разбітыя вокны, скразняк… Чаму нельга паставіць шклопакеты? У нас жа плануецца чэмпіянат па хакею. У камеры ж могуць патрапіць нейкія заўзятары нападпітку. Рознае ж бывае. І вось тады яны ўбачаць, у якіх нечалавечых умовах трымаюць людзей. Гэта ж нейкае скоцтва. Спаць на падлозе без матрацаў – гэта ўвогуле дзікунства. Там ва ўсіх адзіная задача – выжыць і выйсці на волю. Трэба з гэтым нешта рабіць”.

Алег Воўчак прычынай свайго арышту назваў “палітызацыю праваабаронцаў”. “Я разумею, што мой тэлефон праслухоўваецца, але я і не ўтойваю, што маю стасункі з афіцэрамі, бо ў іх ёсць і сацыяльныя праблемы, якія трэба вырашаць. Але мне падаецца, што апошнім часам праваабаронцы сталі занадта палітызаванымі і гэта прыцягнула да іх увагу з боку сілавых структур”, — патлумачыў Алег Воўчак.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!