Паколькі Мікалаеў хворы на сухоты, ён паставіў у вядомасць медыкаў дыспансера, дзе стаіць на ўліку, аб тым, што больш не будзе выконваць рэжым і ад сённяшняга дня не будзе прымаць ежу і піць ваду.

Андрэй Мікалаеў сказаў “Народнай Волі”: “Я толькі сёння з газеты даведаўся аб тым, што экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў падаў прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні. Тым не менш прашэнне, пра якое так доўга гаварыў кіраўнік краіны, дагэтуль не задаволена. Я даведаўся пра катаванні, праз якія давялося прайсці палітвязню, і вырашыў для сябе абвясціць галадоўку з патрабаваннем паскорыць працэс вызвалення Саннікава, задаволіўшы яго прашэнне. Мая жонка не стала мяне адгаворваць і паставілася з разуменнем да майго ўчынку”.

Андрэя Мікалаева абвінавачвалі ў крымінальнай справе, распачатай пасля падзеяў 19 снежня 2010 года. Яго не бралі пад варту і ён, як і дзесяткі іншых абвінавачаных, хадзіў на допыты ў вайсковую контрразведку. У чэрвені крымінальную справу супраць Мікалаева спынілі. Яму вярнулі кампьютар і флэшкі, папярэдне выдаліўшы з іх кадры з падзеямі на плошчы Незалежнасці.