Болей таго, раптам унясуць змены ў заканадаўства і дазволяць партыям уводзіць у выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў.

У разважаннях спадара Калякіна мяне кранула іншае. Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што выбарчую кампанію трэба выкарыстаць дзеля масавай работы з людзьмі, дзеля таго, каб мець магчымасць “прапанаваць ім альтэрнатыву, дэмакратычную, другое жыццё, лепшае за тое, якое цяпер пры існуючым дыктатары і пры гэтым палітычным рэжыме”. Усё правільна, але скажыце, Сяргей Іванавіч, ці ж можна за нейкі месяц дайсці да кожнага выбаршчыка і пераканаць яго ў тым, што ён павінен падтрымаць апазіцыю, якая зробіць яго жыццё лепшым “за тое, якое цяпер пры існуючым дыктатары і пры гэтым палітычным рэжыме”? Чаму, спадар Калякін, гэтым (я маю на ўвазе перакананнем выбаршчыкаў) не займацца штодзень, а не толькі напярэдадні выбараў? Скажыце шчыра, што ваша партыя зрабіла ў гэтым плане за апошні год? Нават калі ў вас паўтары-дзве тысячы членаў (магчыма, і болей), то ці вядуць яны адпаведную работу па месцы жыхарства, па месцы працы? У нас жа няма законаў, якія забаранялі б партыйцам заходзіць у пад’езды, сустракацца з тым ці іншым чалавекам і весці тлумачальную работу. Але я не прыгадаю выпадку, каб ваш паплечнік сустрэўся са мной ці з маімі суседзямі. Не заходзяць да нас і прадстаўнікі іншых партый.

Не мне вас вучыць, спадар Калякін, але ёсць і шэраг іншых форм работы з людзьмі. Чаму Вы і лідары іншых апазіцыйных партый не бераце іх на ўзбраенне? Я толькі часта чую: у нас пасіўны народ. А хто яго разбудзіць, як не партыйныя актывісты? Толькі не трэба зводзіць усю работу да выбарчых кампаній, якія з’яўляюцца кароткатэрміновымі, з-за чаго нельга дасягнуць тых мэт, якія ставіць жыццё.

Я разумею: тыя, хто сёння пры ўладзе, не даюць разгарнуцца партыям, грамадскім рухам. А чаго ад іх яшчэ чакаць? Але ж калі вы, партыйцы, кіраўнікі розных грамадскіх арганізацый, лічыце сябе актывістамі, змагарамі за лепшую будучыню народа, то спаўна выкарыстоўвайце любую магчымасць, каб дайсці да таго ж народа, каб пераканаць яго ў тым, што ён павінен выказаць недавер існуючай уладзе і, наадварот, падтрымаць вас, апазіцыянераў. Седзячы ў кабінетах, станоўчых вынікаў немагчыма дабіцца. Як немагчыма дабіцца іх і за нейкі месяц да выбараў.

Такім чынам, спадар Калякін, я пакуль не магу сказаць, трэба апазіцыйным партыям прымаць удзел у будучых парламенцкіх выбарах ці не, байкатаваць іх ці не байкатаваць, але я не бачу рэзону і ў вашых разважаннях, якія зводзяцца да аднаго: выбарчая кампанія — гэта магчымасць актывізаваць работу з людзьмі. Паўтараю: весці працу з людзьмі трэба штодзённа, а не толькі падчас выбараў. Толькі пры такім падыходзе можна разлічваць на поспех, на перамены ў палітычным жыцці краіны.

Сцяпан КУРГАНСКІ, выбаршчык.
Мінск.

Поделиться: