Гайсёнак напісаў:
«Пасольства Рэспублікі Беларусь у Польскай Рэспубліцы зноў выказвае занепакоенасць з прычыны чарговых публікацый у «Газеце Выборчай», якія маюць на мэце стварыць адмоўны вобраз нашай краіны і яе кіраўніцтва.
У прыватнасці мы звяртаем увагу на Ваш каментар за 27 снежня «Расія зноў здзівіла свет», які змяшчае абразлівыя ў дачыненні да Беларусі сцверджанні.
Мы таксама звяртаем увагу, што такая практыка, якая зневажае пачуцці і годнасць грамадзянаў Беларусі, не спрыяе фармаванню паразумення і ўзаемна карыснага супрацоўніцтва між нашымі краінамі.
Мы рашуча пратэстуем супраць такой практыкі, якая падмяняе свабоду слова і незалежнасць СМІ ўсёдазволенасцю і яўнай непавагай да ўсіх этычных нормаў».
У згаданым каментары за 27 снежня 2011 Адам
Міхнік, пішучы аб паслявыбарчых пратэстах у Расіі, адным сказам згадаў Беларусь: «Не веру, што Расія схоча ісці следам дзяржавы Лукашэнкі, дэспата і псіхапата, які здзекуецца з беларускага народа».
Міхнік адказаў Гайсёнку:
«Сардэчна дзякую за ліст, у якім Вы выказваеце занепакоенасць. Мне Ваш ліст прынёс супакаенне.
Я супакоіўся, бачачы, што рэакцыя «Газеты Выборчай», а таксама і мая ўласная на тое, што адбываецца ў Беларусі вакол парушэння правоў чалавека, таптання грамадзянскіх свабодаў і чалавечай годнасці былі заўважаныя і правільна прачытаныя высокім службоўцам адміністрацыі прэзідэнта Лукашэнкі.
Я не ведаю, што Вы называеце «ўсёдазволенасцю» і «непавагай да этычных нормаў».
Мы лічым, што «ўсёдазволенасць» — гэта дазвол і маўклівае ўхваленне дыктатарскіх метадаў, ужываных адміністрацыяй прэзідэнта Лукашэнкі, а «непавага да этычных нормаў» — гэта збіванне, знявольванне, дыскрымінацыя людзей дэмакратычнай апазіцыі, гэта беларускія вязні сумлення, гэта пастаянная хлусня, гэта фальшаванне выбараў.
Мы выказваем поўную салідарнасць з мужнымі грамадзянамі беларускай дзяржавы. Усіх вязняў сумлення мы будзем абараняць; тых, якім затыкаюць рот, будзем публікаваць, гэткім чынам служачы фармаванню клімату паразумення між польскім і беларускім народамі.
Не будзем маўчаць, калі апарат Аляксандра Лукашэнкі зневажае пачуцці і годнасць грамадзянаў Беларусі.
Прыміце, калі ласка, словы пашаны беларускаму народу, словы захаплення зняволенымі абаронцамі беларускай свабоды».