Канкрэтныя прапановы прагучалі у Міністэрстве адукацыі падчас пасяджэння, на якім падвялі вынікі ўступнай кампаніі 2011 года. Прадставіў іх першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук.

“Настаўніцкая газета” вызначыла пяць асноўных меркаваных зменаў, якія агучыў чыноўнік.

1. Адмяніць асобны конкурс для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі
2. Адмяніць пазаконкурснае залічэнне ў ВНУ дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў, і перанесці льготы для гэтай катэгорыі грамадзян з этапу прыёму на этап вучобы ў ВНУ.
3. Выключыць магчымасць удзелу ў конкурсе абітурыентаў, якія атрымалі адмоўныя вынікі па профільных уступных выпрабаваннях.
4. Увесці каэфіцыент 2 для другога (асноўнага) профільнага прадмета пры падліку прахаднога бала пры паступленні на прырода знаўчанавуковыя спецыяльнасці (матэматыка, фізіка, хімія, біялогія).
5.Увесці адзіную для ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі методыку падліку балаў пры паступленні на спецыяльнасці культуры і мастацтваў, на якія праводзіцца ўступнае выпрабаванне “Творчасць”

Чыноўнікі ад адукацыі мяркуюць, што змены ў правілы прыёму дапамогуць атрымаць студэнцкія білеты сапраўды лепш падрыхтаваным абітурыентам, бо апошнім часам у ВНУ маглі паступаць тыя, хто пісаў тэсты на 2, 3 балы з 100 магчымых!

Такая, здавалася б непапулярная мера, як  адмена пазаконкурснага залічэння ў ВНУ дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў, на самай справе таксама будзе карыснай. Як падкрэсліў Аляксандр Жук, ільготы будуць распаўсюджаны не на веды і здольнасці, а на сацыяльную падтрымку моладзі (прадастаўленне інтэрната, дзяржаўнае забеспячэнне, сацыяльныя выплаты, вызваленне ад аплаты за навучанне, ільготны крэдыт і інш.).

Як расказаў Аляксандр Жук, зараз пры залічэнні абітурыентаў на асобныя “прэстыжныя” спецыяльнасці бюджэтныя месцы задоўга да заканчэння прыёму дакументаў запаўняюцца абітурыентамі, якія маюць права на пазаконкурснае залічэнне. У выніку льготнікі залічваюцца з невысокім агульным балам, а абітурыенты, якія маюць вельмі высокія балы, не праходзяць па конкурсе.

Напрыклад, падчас сёлетняй уступнай кампаніі ў БДУ на спецыяльнасць “Псіхалогія” быў залічаны льготнік, які набраў 108 балаў, пры гэтым не прайшоў абітурыент, які набраў 296 балаў. На спецыяльнасць “Паліталогія” па-за конкурсам быў залічаны абітурыент, які набраў 112 балаў, а абітурыент, які набраў 337 балаў, не прайшоў па конкурсе.
У БНТУ на спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” быў залічаны льготнік з 148 баламі, а абітурыент з 265 баламі — не. Усяго пры паступленні на гэтую спецыяльнасць было 9 падобных выпадкаў. Аналагічныя сітуацыі неаднаразова адбываліся ў МДЛУ на перакладчыцкім факультэце і факультэце міжкультурных камунікацый, у БДЭУ і іншых ВНУ.

“Мы стаім перад цяжкім рашэннем, але ў нас ёсць перадумовы і ўпэўненасць, што яно будзе правільным, — сказаў першы намеснік міністра. — Так, аналагічная сітуацыя была з дзецьмі-інвалідамі, але з 2008 года (пасля зняцця льготы) колькасць залічаных на агульных падставах за кошт сродкаў бюджэту практычна не мяняецца (2008 год — 223 чалавекі; 2009 год — 229; 2010 год — 258; 2011 год — 224)”.



Поделиться ссылкой: