Сяргей Лісічонак, адзін з кіраўнікоў  Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі патлумачыў: “Мы спрабуем знайсці дзяржаўную ўстанову, якая распачне працэс адмены артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэкса. На жаль, папярэднія крокі не прынеслі плёну. Мы звярталіся ў многія ўстановы, усе казалі, што гатовы разглядаць гэтае пытанне, але нічога так і не было зроблена. Таму мы прынялі рашэнне арганізаваць вырашэнне гэтага пытання адной канкрэтнай інстытуцыяй і скіравалі лісты ў шэраг дзяржаўных структур Рэспублікі Беларусь”.

Пасля таго, як пачаў дзейнічаць адпаведны артыкул са студзеня 2006 г. за дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі да крымінальнай адказнасці прыцягнулі каля двух дзесяткаў чалавек.

Апошнім часам артыкул 193.1 дае падставы выносіць папярэджанні незарэгістраваным рэлігійным аб’яднанням. Аўтары ліста звяртаюць увагу а тое, што ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, права на свабоду веравызнання мае большы прыярытэт у параўнанні з іншымі правамі і не можа быць абмежавана нават у надзвычайнай сітуацыі. Шэраг грамадскіх арганізацый беспаспяхова спрабавалі  атрымаць за гэты час дзяржаўную рэгістрацыю. Такая сітуацыя, зазначаецца ў лісце,  стварае сацыяльнае напружанне і перашкаджае паўнавартаснай рэалізацыі грамадзянамі сваіх канстытуцыйны правоў.
   
Актывісты  грамадскай ініцыятывы “Права на веру” і “СТОП 193.1!” скіравалі лісты ў  Палату Прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Адміністрацыю Прэзідэнта, Савет Міністраў, Міністэрства юстыцыі, Вярхоўны Суд, Канстытуцыйны Суд, Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, а таксама ў КДБ і шэраг іншых дзяржаўных устаноў Рэспублікі  Беларусь. 



Поделиться ссылкой: