Нагадаю храналогію брутальнай эпапеі. Пачалося ўсё яшчэ пры камуністычным рэжыме… 14 лютага 1987 года выйшла Пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР за №213 “Аб паляпшэнні ўмоў дзейнасці творчых саюзаў”. Праз два месяцы беларускія ўлады канкрэтызавалі крамлёўскае распараджэнне, перанёсшы ягоныя палажэнні на беларускую глебу. І 29 красавіка на свет з’явілася ўжо Пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў Беларускай ССР №163 “Аб мерах па выкананні Пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 14 лютага 1987 г.”. Што цікава, яшчэ праз чатыры гады (28 сакавіка 1991 г.) беларускі ЦК партыі сумесна з Саветам Міністраў унёс некаторыя змены і дапаўненні ў вышэйзгаданую Пастанову №163. Дакумент падпісалі Сакратар ЦК КПБ Я.Сакалоў і Старшыня Савета Міністраў М.Кавалёў. Сярод мноства пунктаў гэтага дакумента, скіраванага на “паляпшэнне ўмоў дзейнасці творчых саюзаў”, да Астрашыцкага Гарадка непасрэднае дачыненне меў толькі адзін — пяты пункт… Вось ён:
“Белсельбуду, Саюзу кампазітараў БССР забяспечыць у 1988 годзе ўвод у эксплуатацыю Дома творчасці  “Астрашыцкі Гарадок”.

Што тут скажаш?.. Ідэя была разумнай і нават высакароднай — пабудаваць Дом творчасці для кампазітараў і музыкантаў. Каб маглі яны ствараць свае опусы, музіцыраваць, ладзіць вечарыны ўдалечыні ад гарадскога тлуму. Нармальная практыка, асабліва ўлічваючы тое, што, трынькаючы на раялі ў панэльнай кватэры, не мелодыю прыдумаеш, а ворагаў-суседзяў нажывеш…

Карацей, тагачасная ўлада пайшла насустрач беднаму — у прамым сэнсе слова — Саюзу кампазітараў: выдзеліла (на парытэтных пачатках з Саюзам кампазітараў СССР) фінансавыя сродкі, немалую плошчу зямлі паблізу Вячынскага вадасховішча, зацвердзіла праект, вызначылася з падрадчыкам і… работа закіпела. Неўзабаве заклалі падмуркі васьмі дамоў-катэджаў, узвялі цагляныя сцены, падвялі падземныя камунікацыі, падпёрлі неба бетоннай воданапорнай вежай… Здавалася, усё ідзе па плану, ніякіх перашкод не прадбачыцца. А тут і першы прэм’ер-міністр РБ Вячаслаў Кебіч, які замяніў на пасадзе Міхаіла Кавалёва, даў заруку Ігару Лучанку: маўляў, не хвалюйся, усё будзе завершана ў поўнай адпаведнасці з планам.

Але, як кажуць, нядоўга музыка іграла… Камуністычна-савецкая імперыя дала дуба, у Беларусі набліжаліся выбары першага прэзідэнта незалежнай і суверэннай дзяржавы. Жарсці кіпелі яшчэ тыя! Чым усё скончылася, ведама кожнаму: з двух палітычных мастадонтаў верх узяў маладзейшы… Як прыйшоў да ўлады Рыгоравіч, то астрашыцкай будоўлі настаў трындзец, яе папросту замарозілі. Затое непадалёку ад “замарожанага” дома пачалі борздзенька ладзіць рэзідэнцыю першага прэзідэнта. Тут, канечне, управіліся хутка…

“Маўчанне ягнят”

Міналі гады, пяцігодкі, многае памянялася ў жыцці суверэннай дзяржавы. І толькі дзве канстанты беларускай рэчаіснасці застаюцца непахісна-ўстойлівымі: астрашыцкі даўгабуд і доўгатэрміновы прэзідэнт разам з астрашыцкай рэзідэнцыяй. Можна сказаць, у непасрэднай блізкасці адзін ад другога палягаюць. Розняцца, праўда, як неба і зямля…

Летась знаёмы музыкант, член Саюза кампазітараў, запрасіў мяне на экскурсію ў Астрашыцы. Канечне, ні рэзідэнцыю пёрла яму паказаць (туды народу ўваход забаронены), а той самы Дом творчасці Саюза кампазітараў, які ну проста спаганьвае акаляючы ландшафт, дыскрэдытуе, можна сказаць, саму інстытуцыю прэзідэнцтва. Хіба можна ўявіць, каб пад носам першай асобы, за якія васямсот крокаў ці нават і далей крыху, было такое паскудства — сапраўдная смярдзючая клаака?! Але ж не выдумка, а ўсім бачны факт. Пасля той экскурсіі як было не падаць востры сігнал праз газету?.. Улетку “Народная Воля” і надрукавала адпаведны матэрыял пад рубрыкай “Дзікунства!”.
Калі хто з “прэзідэнцкай інстытуцыі” прашляпіў, не прачытаў, нагадаю леташняе:

“І вось мы на месцы… Сярод прылеску, побач з дачнымі пасёлкамі “Сябры” і “Атам”  — высозная жалезабетонная агароджа з намазюканымі каляровымі графіці. Ні варот, ні брамкі — адно чорны ўваход-лаз. Пранікаем у сярэдзіну “аб’екта”. Хоць на дварэ і сонечна, але тут — поўны змрок. За паўтара дзесяцігоддзя хмыз вымахаў вышэй галавы, трава па пояс,  павырасталі і асіны з ельнікам, перапляліся кронамі на пакручастым пагорку. Амаль навобмацак ступаем на сцяжыну, якая (калі меркаваць па бетонных бардзюрах) павінна была стаць цэнтральнай алеяй. Але бардзюры невядома хто і калі павыварочваў, на іх — у таўшчыню далоні — мох… Па баках гэтай зарослай хмызняком “алеі” — чырвонацагляныя, паўразбураныя, з чорнымі праёмамі (замест акон і дзвярэй) дамы… На імгненне здалося, што патрапіў у Чарнобыльскую зону, дзе поўнае запусценне па вядомай усім прычыне. Але ж гэта не зона…

Прабіраемся скрозь яліны і  павуцінне далей. Вось і першы дом: на два паверхі, з  цокальным памяшканнем, нават з уцалелым дахам. Але ўсё  насцеж, бруд несусветны, цэгла патрушчылася. Уваходзім у чорны дзвярны праём і затыкаем насы ад смуроду: гніль, цвіль, вільгаць. Лесвіца паўразваленая, без поручняў — страшна ступаць; дол усланы камянюкамі, бітай цэглай — быццам Мамай прайшоў. Не, падымацца вышэй — небяспечна. Выходзім.
Па  правы бок яшчэ адзін недабудаваны — ці то катэдж, ці то міні-гатэль… Карціна тая ж, калі не больш жахлівая. Па-першае, у гэтай халабуды і даху няма. З-за таго, мусіць, цагляныя сцены ў падцёках, сырыя, напалову вышчарбленыя. Такім і тынкоўка наўрад ці дапаможа. А ў сярэдзіне гэткае ж страхоцце, як і ў першай будыніне, — горы друзу, смецця, апарожненых бутэлек з-пад гарэлкі, піва ды іншых напояў, якія некалі і некаму прыносілі кайф. Каб не гэты посуд, то магло падацца, што ты ў нейкіх забытых Богам і закінутых людзьмі казематах… Тут і кіно можна здымаць. Пра вайну…

Але — працягваем “экскурсію”. На лясістай выспе  — самы вялікі дом, верагодна, тут якраз  мусілі збірацца музыканты, каб лашчыць слых чароўнымі мелодыямі  — у вялікай  зале, ля ўтульнага  каміна ці, можа, яшчэ як. Замест камернай залы, каміна і ўсяго астатняга — ушчэнт пакарабаныя сцены, разваленыя лесвіцы, мох на падаконніках і перакрыццях, а дах і наогул адсутнічае, адно стромкі франтон падпірае сінь неба. Гіблае месца! Сюды і заходзіць страшнавата — можна лёгка злавіць цагліну ўласным “кумпалам”. Наўкол — аўгіевы канюшні…

Шмат  за сваю практыку набачыўся  розных даўгабудаў, але такі “свінарнік”  сустракаю ўпершыню. Караскаючыся да воданапорнай вежы, ледзь не загрымеў у бетонны калодзеж — люк адчынены, а там — на глыбіні  — іржавыя венцілі, розныя заглушкі… І такіх люкаў на тэрыторыі шмат, на некаторых папераджальныя чырвоныя стужачкі: маўляў, асцярожна, прахожы, глядзі пад ногі! З убачанага вынікала, што пад зямлёю водаправод і цэлая каналізацыйная сетка — хоць і не ў рабочым стане.
А вось і сама воданапорная вежа — бетонная, высокая, ну проста Эйфелева! Адна бяда — недаробленая. Велізарная металічная  ёмістасць, падобная на касмічны карабель “Апалон-12”, іржавее  ля бетоннай асновы. А як бы хораша глядзелася на вышыні, калі б  сямнаццаць гадоў таму неяк па-іншаму размінуліся два палітыкі… Каб жа ведалі кампазітары ды розныя іншыя музыканты, як яно павернецца… Але тут як у картах: каб ведаў прыкуп, то ў Сочы  б спіну грэў…

Далей не было сэнсу працягваць “экскурсію” — хацелася з тае “зоны”, дзе ўсё пратухла смуродам і гніллю…”

Думалася, што пасля нашай публікацыі (5–7 ліпеня 2011 г.) “вертыкаль” калі не размарозіць “славуты” даўгабуд, то хаця б прачнецца, неяк адрэагуе на востры сігнал. Як-ніяк, а сотні мільёнаў рублёў ляснуліся, ды не якіх-небудзь халяўных, спонсарскіх, а ў пэўнай ступені і нашых з вамі — падаткаплацельшчыкаў. У свой час кіраўнік Беларусі Пётр Машэраў за такое “гаспадаранне”, за падобныя хібы (калі здараліся) тры скуры здымаў з чыноўнікаў — не цырымоніўся. А як зараз? Памятаю, як гады чатыры таму Лукашэнка заклікаў усю сваю раць навесці парадак на зямлі, асабліва на прылеглых да сталіцы тэрыторыях. Тут жа гарадскія і абласныя “вертыкальшчыкі” кінуліся аблётваць тыя тэрыторыі, выглядваючы з верталёта самае непрывабнае ўнізе. Лёталі-лёталі, ды так і не згледзелі астрашыцкі “Сталінград”, а можа, зрабілі выгляд, што не разгледзелі… Тут, як ні кумекай, да праўды не дапнеш: у лепшым выпадку — сцяна маўчання, у горшым — бравурны “марш энтузіястаў”… Карацей, наша публікацыя ніяк не праняла, не разварушыла чыноўніцкае балота: ні старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона, ні губернатара сталічнай вобласці (а цяпер яшчэ і генерала) Бырыса Батуру, ні тагачаснага Генеральнага пракурора РБ Рыгора Васілевіча, ні старшыню Мінскага райвыканкама Пятра Ярмаша — нікога-нікога… Ну проста “маўчанне ягнят”. Відаць, упарыліся, бедныя, шукаючы, дзе які дачнік халупу недабудаваў ці тыя соткі не апрацаваў… Тут уся прэзідэнцкая раць напагатове, і ў той жа час выканае ўказ №520, падпісаны нядаўна А.Лукашэнкам. Варта нагадаць, па згаданым указе з 1 сакавіка 2012 года чыноўнікі на месцах фактычна атрымліваюць права амаль бясплатна адабраць любы зямельны надзел, калі яго ўласнік на мае фінансавай ці фізічнай магчымасці на працягу трох гадоў дабудаваць жылы дом альбо дачу. Тут ніякай цягамоціны не прадбачыцца. А вось узяць на сябе адказнасць ды разабрацца з “астрашыцкім феноменам” — чаму рушыцца будоўля, чаму не кансервуецца, куды падзеліся выдзеленыя дзяржаўныя сродкі, хто канкрэтна вінаваты, якое пакаранне павінен панесці — тут у нашых высокапастаўленых кішка тонкая.

“Грошы прапілі, прагулялі, а расследаванне не правялі”

Так, паўгода мінула з моманту нашай публікацыі, але яснасці не прыбыло. Ніводзін “дзяржаўнік” не адгукнуўся, ніякі кантрольны орган, ніякі раённы чыноўнік і ніякі генерал-губернатар. Усім і ўсё “да лямпачкі”. Праўда, знайшоўся адзін чалавек, якога ўся гэтая гісторыя па-сапраўднаму кранула, — Ігар Міхайлавіч Лучанок. Патэлефанаваў, потым мы сустрэліся і ўсё як мае быць абмазгавалі. Кіраўнік Саюза кампазітараў, вядомейшы кампазітар і музыкант быў узрушаны і ўсцешаны тым, што “Народная Воля” прабіла сцяну маўчання, агучыла набалелую, у першую чаргу для яго самога, праблему. “Напісанае вамі, — сказаў ён, — жывая праўда. Праўда, што добрую задумку — стварыць для Саюза Дом творчасці — зганьбілі, ператварылі ў нішто. А чаму? Тыя, хто адказваў за будоўлю, фактычна раскралі і грошы, і будматэрыялы. Прапілі, прагулялі… На добры лад, дык трэба было б правесці расследаванне, дакапацца да ісціны. Былі ж людзі, якія адказвалі за праект, за саму будоўлю… Можа, нават нагрэлі рукі, а цяпер пасміхаюцца… Не, гэта пакідаць проста так нельга, трэба, каб улада прыслухалася, знайшла вінаватых. Спадзяюся, што так і будзе…”

Сам Ігар Міхайлавіч, па яго ж словах, як чалавек творчы, наўпрост не меў дачынення да будоўлі — яе курыравалі спецыяльна прызначаныя людзі. Ну і дакурыраваліся…
Дзеля аб’ектыўнасці варта адзначыць: не бывае так, каб старшыня Саюза кампазітараў цалкам адхінуўся ад распачатай ім справы. Старшыня Саюза на тое і галава, каб апекавацца ўсім, што датычыцца жыцця Саюза. Тут не можа быць двух меркаванняў: Аляксандр Рыгоравіч адказвае за ўсё, што дзеецца ў краіне, а Ігар Міхайлавіч — за тое, што адбываецца ў Саюзе кампазітараў… Значыцца, павінен быў трымаць руку на слабым будаўнічым пульсе  астрашыцкай будоўлі. Але — па ўсім — музыка ўзяла верх…
Як будзе далей з “астрашыцкім даўгабудам” — на дадзены момант нікому і нічога не вядома. Нават старшыні Фонду Саюза кампазітараў Віктару Войціку, які ўвесь гэты час курыраваў і каардынаваў будоўлю. На тыдні ўдалося пагаварыць з ім (па тэлефоне) пра набалелае. Віктар Антонавіч — вядомы кампазітар, педагог, прафесар, лаўрэат і г. д. — прызнаў, што будаўніцтва Дома творчасці даўно зайшло ў тупік і што склалася патавая сітуацыя. Іншымі словамі, ён не бачыць выхаду, акрамя таго, як найхутчэй завяршыць працэдуру ліквідацыі самога Фонду, і забыцца на ўвесь гэты кашмар. Па ягоных словах, апошняя спроба прыцягнуць увагу ўлады да незавершанага будаўніцтва была ў 2003 годзе. Тады ліст за подпісам Ігара Лучанка быў адпраўлены на імя Галіны Жураўковай, кіраўніка спраў лукашэнкаўскай адміністрацыі. “Мы хацелі дамагчыся яснасці, пэўнасці з нашым даўгабудам, — расказвае ён, — каб яго ці закансервавалі, ці выставілі на аўкцыён, ці перадалі на баланс іншаму ўласніку. Але Жураўкову неўзабаве арыштавалі, і пра наша пісьмо забыліся. А тут яшчэ адна замінка: акт на землекарыстанне, выдадзены нам у савецкі час, мы не змаглі своечасова перарэгістраваць. У выніку Фонд Саюза кампазітараў так і не ўступіў у правы ўласніка на зямлю, цяпер — па факце — Саюз кампазітараў ніякіх адносін да Дома творчасці наогул не мае”. Праўда, як удакладніў спадар Войцік, не так даўно яму патэлефанавалі з Адміністрацыі прэзідэнта. “Прапанавалі ўзяць-такі астрашыцкую незавершанку на баланс Фонду, — кажа Віктар Войцік. — Але каму патрэбны галаўны боль, ды яшчэ цяпер, калі ажыццяўляецца юрыдычная працэдура ліквідацыі самога Фонду?..”

Пад канец размовы запытаў у Віктара Антонавіча, ці ведае ён, у якую суму абышоўся астрашыцкі даўгабуд дзяржаве, падаткаплацельшчыкам, Фонду СК? Але на гэтае пытанне куратар будоўлі з боку заказчыка (Саюза кампазітараў) так і не здолеў уцямна адказаць. Зразумець можна: столькі часу прайшло, столькі розных дэнамінацый, дэвальвацый, інфляцый… Хіба ўспомніш?! “Канечне, — гаворыць ён, — недзе ў падвале арандаванага Сюзам дома захоўваюцца бухгалтарскія кнігі, роўна як і праектная дакументацыя. Але дзе гарантыя, што ўсё гэта не пагрызена мышамі?..”
***
…Позняй восенню, лічы ў зазімак, зноўку наведаў Астрашыцкі Гарадок, зазірнуў у “зону”, так бы мовіць… Падумалася: раптам убачу нешта жывое, прыкладам, людзей на будпляцоўцы, як яны там увішна месяць бетон, ці яшчэ што. Але карціна кінулася яшчэ больш змрочнай, чым улетку: шэрань, чорныя аканіцы, паўразваленыя сцены, горы смецця і бітай цэглы… Відаць, так выглядаў Сталінград пасля нямецкай аблогі, але ж то была вайна, а тут… Ніякай страляніны і бамбёжак, а “Дом Паўлава” — вось ён, перад вачыма… І пагорак перад трохпавярховай, не ўвенчанай дахам, будыніны — нібы “Мамаеў курган”… Па-ранейшаму ля воданапорнай вежы покатам ляжыць велізарная металічная ёмістасць, падобная на касмічны карабель, — іржавая, але ўсё яшчэ не дзіравая. Яна так і не дабралася на верх бетоннай вадакачкі. Паўсюль каналізацыйныя люкі, ачэпленыя папераджальнымі стужкамі…

Далей не было сэнсу аглядаць увесь гэты бардак — хацелася на прастор, падалей ад “зоны”, дзе ўсё пратухла смуродам і гніллю. А магло ж быць зусім па-іншаму, калі б высокія начальнікі сапраўды дбалі пра навядзенне парадку, а не пускалі пыл у вочы… Можа, чакаюць чарговага ўказа?.. Ці іх настолькі пераклініла, што на свой розум і не разлічваюць — толькі на “бацькаў”?..

Астрашыцкі “Сталінград” (фотарэпартаж)

Астрашыцкі “Сталінград” (фотарэпартаж)

Астрашыцкі “Сталінград” (фотарэпартаж)

Астрашыцкі “Сталінград” (фотарэпартаж)

Астрашыцкі “Сталінград” (фотарэпартаж)

Астрашыцкі “Сталінград” (фотарэпартаж)

Астрашыцкі “Сталінград” (фотарэпартаж)

Астрашыцкі “Сталінград” (фотарэпартаж)

Астрашыцкі “Сталінград” (фотарэпартаж)

Астрашыцкі “Сталінград” (фотарэпартаж)

Фота аўтара.


Поделиться ссылкой: