Яўген Васьковіч некалькі разоў адбываў пакаранне ў карцары. Цяпер ён знаходзіцца ў крытай турме Магілёўскай калоніі.
У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Пракурор даводзіла, што дзеянні падсудных маглі прывесці да знішчэння ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцвінам і дадаў, што яго святы абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасці. «За іх я ўмерці гатовы, бо жыццё кароткае, а радзіма вечная», казаў хлопец. Яўгена Васьковіча пакаралі зняволеннем на 7 гадоў.