Аляксей Янукевіч: “Пры наяўнасці палітвязняў у Беларусі парламенцкія выбары нельга лічыць выбарамі”

0

На прайшоўшым нядаўна Сойме Партыі БНФ адной з самых гарачых тэм для абмеркавання стала пытанне ўдзелу ці няўдзелу партыйцаў у маючых адбыцца ў гэтым годзе парламенцкіх выбарах. Перад соймам нават было праведзена ўнутрыпартыйнае апытанне на гэты конт. Якое ж рашэнне прынята?

“Па шчырасці, канчатковага рашэння па гэтым пытанні яшчэ няма, — прызнаўся “Народнай Волі” старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Гучалі розныя меркаванні. Нехта настойвае на актыўным байкоце будучай парламенцкай кампаніі; нехта кажа пра ўдзел у кампаніі з абавязковым зняццем партыйных кандыдатаў перад самым днём галасавання; ёсць і тыя, хто лічыць неабходным удзельнічаць у выбарах да самага канца. Вырашылі, што гэтае пытанне яшчэ раз будзе абмеркавана ў рэгіёнах і канчатковае рашэнне аб фармаце ўдзелу партыі ў парламенцкіх выбарах мы прымем на наступным партыйным Сойме, які пройдзе напрыканцы студзеня”.

Калі гаварыць пра пазіцыю асабіста старшыні Партыі Аляксея Янукевіча, то на яго думку, гаварыць аб рэальным удзеле Партыі БНФ у выбарах можна будзе толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў. “Гэта галоўная перадумова нашага ўдзелу ў будучай кампаніі, — сказаў старшыня Партыі БНФ. — Пры наяўнасці палітвязняў у Беларусі парламенцкія выбары ўвогуле нельга лічыць выбарамі. Але, так ці іначай, весці падрыхтоўку да парламенцкай кампаніі трэба, нягледзячы на фармат партыйнага ўдзелу ў іх”.

Дарэчы, згодна з унутрыпартыйным апытаннем, на думку большасці партыйцаў галоўнымі фактарамі, якія фарміравалі цяперашняе становішча грамадскай думкі, стаў эканамічны крызіс і рост коштаў. Таму фокус партыйнай працы ў новым годзе павінен быць скіраваны на папулярызацыю эканамічнай альтэрнатывы, якую прапаноўвае апазіцыя. На думку актывістаў Партыі БНФ вельмі важна тлумачыць людзям, што эканамічныя памылкі афіцыйнага беларускага кіраўніцтва напрамую звязаны з пагрозай страты суверэнітэту Беларусі.

Калі гаварыць аб мінулым, то свой удзел у прэзідэнцкай кампаніі сябры Партыі БНФ ацэньваюць як удалы.




Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!