Хто гэты “партайгеноссэ”, мяркую, вы здагадаліся — Анатоль Ляўковіч. Але ці ёсць у яго на самай справе партыя? Каго прадстаўляе Ляўковіч і ад чыйго імя робіць заявы?

Пётр Верашчакін, Мінск.

Пасля атрымання гэтага ліста “Народная Воля” ў чарговы раз паспрабавала разабрацца ў сітуацыі вакол Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Дзейнасць партыі зараз фактычна паралізавана. Ці існуе партыя ўвогуле і як працуе, шчыра кажучы, зразумець складана. Але адзначым, што на сайце Міністэрства юстыцыі Беларусі ў Рэестры палітычных партый Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) па-ранейшаму застаецца. І старшынёй пазначаны менавіта Анатоль Ляўковіч. Але ўнутры самой арганізацыі застаюцца два лагеры, якія не прызнаюць існаванне адзін аднаго.

Намінальна Анатоль Ляўковіч сёння з’яўляецца старшынёй аргкамітэта па правядзенні з’езда БСДП (Грамада). Праўда, з’езд Анатоль Іосіфавіч праводзіць пакуль не збіраецца, бо, па яго ж уласным прызнанні, “у яго няма на тое рэсурсаў”.

“Народная Воля” звязалася з Анатолем Ляўковічам, каб зразумець, што ўсё ж такі адбываецца ўнутры партыі? Калі і якім чынам будзе пераадолены крызіс? Дыялог выйшаў, скажам шчыра, дзіўны.

Анатоль ЛЯЎКОВІЧ, старшыня аргкамітэта па правядзенні з’езда Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

“За мной стаяць усе!”

— Анатоль Іосіфавіч, на якім свеце зараз ваша партыя і ці існуе яна ўвогуле?

— Партыя існуе, адзінае, што ў партыі існуюць праблемы. Наўрад ці ідэйныя. Хутчэй — арганізацыйныя, выкліканыя шэрагам прычын. Гэта, я б сказаў, праблема ўсёй беларускай апазіцыі — калі некаторыя нашы дзеячы ствараюць рухі, а потым набіраюць людзей… Адкуль? З партый! Гэта закранула і Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада).

— Калі я правільна зразумеў, то партыі ўжо як бы і няма, ёсць аргкамітэт па правядзенні з’езда, каб яе наноў стварыць?

— Ну што значыць партыі няма?! Партыя ёсць. У сакавіку нашай партыі будзе 21 год. Яшчэ раз кажу: у нас ёсць арганізацыйныя праблемы.

— Калі партыя ёсць, можа, падкажаце, колькі зараз у ёй сябраў?

(Спадар Ляўковіч працягвае адказваць, але і блізка не па сутнасці пытання. Пра тое, што ён у палітыцы з таго часу, калі Сяргей Калякін яшчэ быў першым сакратаром Першамайскага райкама партыі г.Мінска, што “ўсе лідары, якія зараз у Мінску сядзяць”, спрабавалі яго таптаць, што гэта нейкая бацыла… «Што адсутнасць дэмакратычнага разумення працэсаў паралізуе нашу апазіцыю…»)

— Анатоль Іосіфавіч, я ж пра іншае пытаўся… Колькі ў вашай партыі зараз сябраў? Хто вас падтрымлівае? Хто стаіць за вамі ў партыі?

— За мной стаяць усе! Акрамя 11 чалавек, якіх мы з партыі выключылі. Анатоль Сідарэвіч, напрыклад, сам, дзякуй Богу, выйшаў з партыі. Да таго ж я маю на ўвазе Алега Трусава і Мечыслава Грыба, якія яшчэ пры Статкевічу расколвалі партыю, потым спрабавалі стварыць Аб’яднаную сацыял-дэмакратычную партыю. Не стварылі…

(Заўважце, на канкрэтнае пытанне, колькі сябраў налічваецца ў партыі, так і не адказаў.)

— Да якой пары вы будзеце існаваць у стадыі аргкамітэта? Калі вас усе (па вашых словах) падтрымліваюць, праводзьце з’езд і здымайце ўсе пытанні. Я так разумею…

— Гэта не сутнаснае пытанне. Сутнаснае пытанне вось у чым: нейкі апазіцыянер атрымае гранцік (гэта я назіраю ўжо 20 гадоў) — і ўжо тады пайшоў купляць кагосьці… Зараз апазіцыя ў галечы, таму я магу зразумець гэтых людзей, я на іх нават не сваруся…

— А вы лічыце сябе лідарам партыі?

— А хто яшчэ можа быць лідарам партыі, калі не я? Я ж яе ствараў з першага дня — 21 год… І сябры партыі па ўсёй Беларусі атрымалі мае рэкамендацыі для ўступлення ў партыю. Хто ж тады лідар? Няўжо Ірына Вештард, якая за 20 гадоў трох чалавек у партыю сабрала, і то — жывыя яны ці не, не вядома.

— Вы не прызнаяце Ірыну Вештард у якасці старшыні?

— Я не магу прызнаваць людзей, якія за 20 гадоў прывялі трох чалавек. Дайце мне рэсурс, я за тыдзень праеду па краіне і больш людзей у партыю знайду. Другая справа, што набаламуцілі зараз з нашай партыяй…

Я яшчэ раз паўтараю: партыя як была, так і засталася. Задача аргкамітэта, які я ўзначальваю, правесці з’езд.

— Калі ён адбудзецца?

(Спадар Ляўковіч як быццам і не пачуў маё пытанне і прадоўжыў сваю думку.)

— Прычым з’езд правесці так, каб захаваць усю партыю. Не толькі захаваць, а рухацца наперад.

(Пасля гэтых слоў мой субяседнік усё ж вярнуўся да майго пытання.)

— Калі?..

— Усё пытанне ўпіраецца ў рэсурс. Рэсурсы, якімі валодаюць іншыя апазіцыйныя лідары, робяць кепскае для нашай партыі. А ў мяне рэсурсаў няма. Я не ведаю, каму даюцца тыя рэсурсы…

 

Ірына ВЕШТАРД:

“Няма такога старшыні, як Ляўковіч”

Скажам шчыра, погляд Анатоля Ляўковіча на партыйныя праблемы — гэта яго погляд. Ёсць і іншы пункт гледжання. Яго “Народнай Волі” выказала Ірына Вештард, якая была абрана старшынёй партыі на з’ездзе 5 чэрвеня мінулага года. Праўда, Міністэрства юстыцыі Беларусі не прызнала вынікі таго з’езда.

Тым не менш Ірына Верштард таксама лічыць сябе старшынёй БСДП (Грамада), а Анатоль Ляўковіч як партыец для яе больш проста не існуе.

— Скажу адразу: Ляўковіч можа шмат чаго вам нагаварыць… Але 5 чэрвеня мінулага года прайшоў з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), на якім старшынёй абралі мяне. Так, вынікі гэтага з’езда не былі прызнаны Міністэрствам юстыцыі. Намі на гэтае рашэнне Мінюста была пададзена скарга ў Вярхоўны суд Беларусі, але яна задаволена не была…

Калі коратка казаць, асноўнай прычынай адмовы стала тое, што ў з’ездзе прымалі ўдзел сябры Цэнтральнага камітэта партыі і Цэнтральнай рэвізійнай камісіі партыі. Справа ў тым, што, згодна з нашым статутам, дэлегатамі з’езда з’яўляюцца сябры партыі, абраныя на абласных канферэнцыях, а таксама сябры ЦК і ЦРК. У той жа час, на думку Мінюста, паўнамоцтвы сябраў ЦК і ЦРК скончыліся яшчэ ў жніўні 2010 года. Іншымі словамі — удзельнічаць не мелі права.

У нашым статуце запісана, што з’езд адбываецца раз у два гады. Апошні з’езд, які папярэднічаў гэтаму, прайшоў у жніўні 2008 года. Значыць, да жніўня 2010-га павінен быў прайсці яшчэ адзін з’езд. А паколькі ён не адбыўся, то паўнамоцтвы партыйных Цэнтральнага камітэта і Цэнтральнай рэвізійнай камісіі скончыліся. Чаму ў жніўні 2010 года былым кіраўніцтвам не быў праведзены з’езд, я сказаць не магу.

— Вы, я так разумею, усё-такі лічыце сябе старшынёй партыі?

— Як бы вам сказаць…

Калі глядзець з пункту гледжання дэмакратычнай супольнасці, ніхто мне ў вочы (маю на ўвазе сябраў партыі) не сказаў, што я не старшыня. Але Міністэрства вынікі з’езда не прызнала…

Другі момант. Калі сыходзіць з таго, што, на думку Мінюста, у нашай партыі няма Цэнтральнага камітэта і Цэнтральнай рэвізійнай камісіі, то Ляўковіч таксама ніяк не можа лічыцца старшынёй партыі. Ён увогуле не з’яўляецца сябрам партыі. Няма ў нашай партыі Ляўковіча. Няма! Яго выключылі яшчэ ў лютым мінулага года.

— З таго становішча, якое склалася ў БСДП (Грамада), ёсць выйсце?

— Пакуль Ляўковіч лямантуе, што ён старшыня нейкага аргкамітэта, мы сур’ёзна рыхтуем новы з’езд. Другі, паўторны, з’езд. Чакаем, што ён пройдзе ў сярэдзіне сакавіка па ўсіх нормах партыйнага статута. Мы прааналізавалі рашэнне Вярхоўнага суда, рашэнне Мінюста і рыхтуем новы з’езд, каб выканаць усе іх патрабаванні. Іншага шляху ў нас няма.

***

Як бачаць сітуацыю вакол БСДП (Грамада) у Міністэрстве юстыцыі Беларусі? Якім, на погляд афіцыйнай структуры, можа быць выйсце з гэтага тупіка?

Гэта трэці блок пытанняў, які нас цікавіў. Але адказаў на гэтыя пытанні пакуль атрымаць не ўдалося. Ва Упраўленні па пытаннях працы некамерцыйных арганізацый, якое і курыруе палітычныя партыі Беларусі, “Народнай Волі” адказалі наступнае: “Звяртайцеся да нас пісьмова”. Пісьмовыя пытанні мы ўжо падрыхтавалі, таму будзем чакаць канкрэтных адказаў і абавязкова пазнаёмім з імі чытачоў. Здзіўляе, аднак, што, нягледзячы на нейкую патавую сітуацыю, апошнім разам Міністэрства юстыцыі Беларусі звяртала ўвагу на БСДП (Грамада) ажно летам, пасля правядзення партыйцамі з’езда 5 чэрвеня.

У паведамленні міністэрства наконт гэтага мерапрыемства гаворыцца:

“Вывучэнне прадстаўленых дакументаў паказала, што альтэрнатыўны аргкамітэт спяшаючыся, без належнай падрыхтоўкі, з шэрагам грубых парушэнняў Статута БСДП (Грамада) ажыццявіў выбары дэлегатаў і правёў 5 чэрвеня 2011 года паўторны XIII з’езд гэтай палітычнай партыі. Гэты з’езд прызнаны Міністэрствам нелегітымным, а 23 жніўня прынята рашэнне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ўнесеных у Статут БСДП (Грамада) змен і дапаўненняў”.

Што будзе з БСДП (Грамада) далей — сказаць цяжка. Здаецца, усе пытанні павінен зняць партыйны з’езд. Вось толькі калі ён пройдзе і ці будзе прызнаны Мінюстам, пытанне адкрытае…




Поделиться ссылкой: