Будаўніцтва корпуса стаматалагічнага факультэта Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі  распачалося ў 1992 годзе. Планавалася, што гэта будзе сучасны васьміпавярховы будынак. Але яшчэ ў 1996-м будоўля, што называецца, “стала”. Прычына — адсутнасць фінансавання. За чатыры гады, што вялося будаўніцтва, паспелі ўзвесці толькі тры паверхі.

Некалькі гадоў таму “Белдзяржпраект” праводзіў даследаванне канструкцый і нават рыхтаваў карэкціроўку праектна-каштарыснай дакументацыі. Аднак ахвочых заняцца аднаўленнем даўгабуда на скрыжаванні вуліц Акадэмічнай і Платонава так і не знайшлося.

Пейзаж, скажам шчыра, сёння тут выглядае не вельмі прывабным для вока. Лічы, у самым цэнтры сталіцы стаіць недабудаваны аб’ект, ззяючы бетоннымі “рэбрамі”. Будынак знаходзіцца ў тым жа стане, у якім яго пакінулі прыкладна 15–16 гадоў таму. На тэрыторыю даўгабуда зараз можа трапіць любы ахвочы — вароты адчынены, аховы на тэрыторыі няма. Будынак стаіць без даху, без вокан, без дзвярэй, а вакол яго поўна смецця. Бачна таксама, што за гады “прастою” яго неаднаразова наведвалі аматары “графіці”, якія пакінулі на сценах запісы малазразумелага сэнсу…

Тым часам, як высветліла “Народная Воля”, будынак на скрыжаванні Акадэмічнай і Платонава знаходзіцца на балансе Упраўлення аховы здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Іншымі словамі — мае гаспадара.

Званок старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Сяргею Молчану святло на сітуацыю вакол даўгабуда не праліў. “Мне няма чаго вам сказаць пра лёс гэтага даўгабуда, — сказаў ён. — Гэтай будоўлі і сапраўды 20 гадоў, аб’ект знаходзіцца на балансе Упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама. Планавалася будаўніцтва стаматалагічнага факультэта Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Ведаю толькі, што даўгабуд быццам бы збіраліся прадаваць…”

Першы намеснік начальніка Упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Сяргей Ганчароў у размове з карэспандэнтам “Народнай Волі” адзначыў: “Па шчырасці, канкрэтнага рашэння пра лёс гэтага даўгабуда на сённяшні дзень у нас няма. Мы вялі перамовы з шэрагам інвестараў, але ахвочых укладаць грошы ў гэты аб’ект не знайшлі. Зараз невядома, што будзе: ці паспрабуем прадаць гэты даўгабуд з аўкцыёну, ці працягнем пошук інвестараў. Але, яшчэ раз паўтару, канкрэтнага афіцыйнага рашэння пра лёс будынка дагэтуль няма”.

20 гадоў прастаяў і яшчэ 20 стаяць будзе?

20 гадоў прастаяў і яшчэ 20 стаяць будзе?

20 гадоў прастаяў і яшчэ 20 стаяць будзе?

20 гадоў прастаяў і яшчэ 20 стаяць будзе?

Фота аўтара



Поделиться ссылкой: