6 ліпеня Уладзімір Марозаў быў каля Нацыянальнай бібліятэкі, дзе мусіла адбыцца маўклівая акцыя. Уладзімір Марозаў, які ў той дзень прыехаў з вёскі ў горад у госці да сына, не ўтойвае, што хацеў на ўласныя вочы паглядзець, што гэта за акцыі і як яны праходзяць.

Вось як ён расказваў “Народнай Волі” пра тое, што з ім адбылося далей.

Хацеў толькі паглядзець. Я не магу размахваць сцягам, топаць і гэтак далей, бо я сябе кепска адчуваю. Хацеў пасядзець на лаўцы і паглядзець звонку, як гэта ўсё робіцца. На лаўцы было яшчэ некалькі пенсіянераў. Недзе пасля сёмай раптам з’явіўся аўтобус без нумароў. Нейкія людзі чамусці адразу падыйшлі да нас, да першых, і загадалі сыйсці. Я папрасіў іх паказаць службовыя пасведчанні. Тады адзін з іх хутка тыркнуў мне нейкай чырвонай “ксівай” у твар. Але я ўсё роўна нічога не мог прачытаць і папрасіў, як мне падалося, начальніка ў белым пінжаку сказаць прозвішча. Ён загадаў цягнуць мяне ў аўтобус. Шчыра кажучы, я ў аўтобус трапіць баяўся, бо там яны маглі ўдарыць па нырках і мне адразу быў бы капец. Крычаў: “Не чапайце мяне, я інвалід”. Калі мяне пацягнулі, я, лежачы на спіне, пачаў адбівацца ад іх парасонам. Але яны парасон адабралі і цягнулі настойліва.

Дыханне ў мяне ўжо на той момант парушылася, я не мог дыхаць. Як яны мне рукі-ногі выкручвалі, я нават не памятаю. Але, нягледзячы на мой стан, міліцыянер Павел Садоў (пазней стала вядома яго прозвішча) каленам націснуў мне на сонную артэрыю. Гэта было страшна болюча. І вось тады я першы раз за ўсё сваё жыццё згубіў прытомнасць. Ачуняў ужо, калі людзі мне аказвалі дапамогу. Папіў вады і паціху паехаў дадому.

Уладзімір Марозаў з інтэрнэта даведаўся прозвішчы тых міліцыянераў, што яго душылі. Акрамя Паўла Садова там быў намеснік кіраўніка міліцыі Першамайскага раёна Віталь Шафікаў. Нейкія суседзі гэтага Садова апазналі, напісалі і яго хатні адрас, і  нават у якой школе ён вучыўся. Міліцыянер нават вымушаны быў з’ехаць з кватэры.

Спачатку пенсіянер не збіраўся нікуды скардзіцца, думаў, што гэта бессэнсоўна. Але потым падумаў, што нейкім чынам такім паводзінам міліцыі трэба супроцьстаяць.

Пракуратура Першамайскага раёна Мінска паведаміла заяўніку, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена. Адначасова Марозаву прапанавалі абскардзіць гэтае рашэнне альбо ў пракуратуры Мінска, альбо ў судзе Першамайскага раёна.



Поделиться ссылкой: