Супрацоўнікі дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства “Граніт”, што ў Мікашэвічах, пачалі масавы сыход з афіцыйнага прафсаюза ў незалежны. У пярвічную арганізацыю незалежнага прафсаюза, якая знаходзіцца ў стадыі фарміравання, ўжо паступіла больш за 200 заяў. Чаму рабочыя вырашылі шукаць для вырашэння сваіх праблем новую структуру?

Старшыня гэтай новай арганізацыі Алег Стахаевіч тлумачыць сітуацыю наступным чынам: “Афіцыйны прафсаюз не выконваў сваіх абавязкаў, ён не абараняў інтарэсы працоўных. Заробкі ў нас даўно не падвышалі… Акрамя таго, адміністрацыя прымушала людзей працаваць у святочныя дні. Многія лічаць, што стаўленне адміністрацыі да рабочых — як да быдла. Але як толькі нехта пачынаў уздымаць вострыя пытанні, яму адразу затыкалі рот”.

Канфлікт на прадпрыемстве выспяваў даўно. Спачатку толькі адзінкі выказвалі жаданне выйсці з прафсаюзнай арганізацыі, адзінай функцыяй якой было збіраць узносы і нічога не рабіць для паляпшэння ўмоў працы людзей. Масавы сыход з прафсаюза пачаўся два тыдні таму. Гэта не магло не выклікаць рэакцыі з боку адміністрацыі. Алег Стахаевіч распавядае:

— Падчас маёй змены, напрыклад, прыйшлі дырэктар нашага структурнага падраздзялення, начальнік змены, майстар ды іншыя начальнікі. Яны пачалі палохаць усіх, казалі, што мы губляем такім чынам усе надбаўкі, грашовыя прэміі, прыбаўкі да адпачынкаў, палохалі, што не падоўжаць кантракты тым, хто сышоў з прафсаюза. Майстар запатрабаваў, каб мы забіралі заявы і вярнуліся ў афіцыйны прафсаюз. Але людзі жадаюць, каб быў незалежны прафсаюз, ад якога была б карысць усім працоўным, а не толькі адміністрацыі.

На прадпрыемстве ўжо адбыўся сход, на якім выбралі кантралюючыя і кіраўнічыя органы пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюза гарнякоў. Ён у сваю чаргу зарэгістраваў новую пярвічную арганізацыю ў сваім выканаўчым бюро. Цяпер засталося зарэгістраваць гэтую структуру ў Лунінецкім райвыканкаме. Для гэтага, праўда, трэба мець юрыдычны адрас — менавіта той рубікон, які не здолелі ў свой час перайсці дзясяткі незалежных арганізацый.

Старшыня незалежнага прафсаюза гарнякоў Мікалай Зімін паведаміў “Народнай Волі”, што адпаведныя дакументы ўжо накіраваны дырэктару прадпрыемства “Граніт”  Сцяпану ТУРАЎЦУ. “Мы папрасілі яго даць нам гарантыю, што прадпрыемства дасць нам юрыдычны адрас, па якім можна будзе зарэгістраваць пярвічную арганізацыю. Вусна дырэктар адказаў, што не ўпаўнаважаны даваць нам такія дакументы. Мы зараз з юрыстамі вырашаем, што рабіць далей”, — распавёў Мікалай Зімін.

Тым часам жадаючых далучыцца да незалежнага прафсаюза на “Граніце” становіцца болей з кожным днём. Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук непакоіцца за абарону правоў тых супрацоўнікаў “Граніту”, якія вырашылі сысці з афіцыйнай арганізацыі. “Мы не хочам займацца папулізмам і гуляць лёсамі людзей. Заўсёды, калі спрабавалі стварыць незалежны прафсаюз, адчувалі прэсінг — ціснулі на саміх супрацоўнікаў, на іх сваякоў, палохалі звальненнем… Мы бачым, што ў Мікашэвічах сыход мае масавы характар, і гэта — самае галоўнае, гэта добра, бо інакш перадушаць усіх паасобку. Сёння зарэгістраваць незалежны прафсаюз складаней, чым зарэгістраваць новую палітычную партыю. Ды і новыя прафсаюзы для ўлад сёння больш небяспечныя, чым палітычныя партыі. Таму цяжка сказаць, чым скончыцца гэтая сітуацыя”.




Поделиться ссылкой: