Вольга Бандарэнка гаворыць, што зараз вакол яе мужа і іншых асуджаных за падзеі 19 снежня 2010 года распачалася “новая хваля рэпрэсій”. Ад Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава патрабуюць напісання прашэння аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнка. Вольга Бандарэнка мяркуе, што такім чынам палітзняволеных могуць выпусціць на волю: “Думаю, што гэтыя прашэнні аб памілаванні патрэбны для таго, каб выпусціць палітзняволеных на ўмовах улады, а не на тых умовах, на якіх хочам іх вызвалення мы – родныя і блізкія. З іншага боку, ёсць жа прыклады таго, што Лукашэнка мілаваў людзей і без напісання прашэння аб памілаванні”.

Зараз Дзмітрый Бандарэнка знаходзіцца ў рэжымным атрадзе Магілёўскай папраўчай калоніі №15. У рэжымным атрадзе ўтрымліваюцца ў асноўным тыя зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. “Дзмітрый фактычна ізаіляваны, – гаворыць Вольга Бандарэнка. – Ён не можа нармальна ні з кім пагаварыць. Некаторыя зняволеныя ціснуць на яго пісхалагічна: маўляў, напішы прашэнне аб памілаванні – і выйдзеш адсюль… На спатканні Дзмітрый сказаў мне, што супраць яго было некалькі дробных правакацый унутры турмы, але сказаў, што пакуль удаецца трымацца. Мы шмат з ім гаварылі на спатканні, і ён сказаў мне страшную рэч: “Вольга, рыхтуйся да таго, што я магу не выйсці адсюль. Калі правакацыі будуць працягвацца, то не выключана, што я скончу жыццё самагубствам…”

Вольга Бандарэнка кажа, што ў яе мужа ў зняволенні ўзніклі вялікія праблемы са здароўем: “Вы ж ведаеце, Дзмітрый перанёс аперацыю на пазваночніку. А вось зараз ужо тры тыдні запар у яго вялікі ціск. Тыя таблеткі, якія даюць яму там, не дапамагаюць. Нядаўна я прывезла ў Магілёўскую калонію медыцынскую перадачу: мне патлумачылі, што калі я прывязу неабходныя лекі, то Дзмітрыя пакладуць у медсанчасць. Я прывезла. Думала, мужа адразу адправяць на лячэнне, але высветлілася, што гэтае пытанне будзе вырашацца толькі пасля Новага года”.

Нагадаем, сябра выбарчага штаба Андрэя Саннікава Дзмітрый Бандарэнка быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў.