Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Як жыхар Оршы Васіль Гаўрылавец спрабаваў дамагчыся ад дзяржавы індэксацыі свайго банкаўскага ўклада пасля дэвальвацыі, і што з гэтага атрымалася.
11:20 27 снежня 2011
84
Памер шрыфта

Тое, як “лапухнуліся” беларусы, якія паверылі дзяржаве і зрабілі на пачатку гэтага года ці яшчэ раней банкаўскія ўклады ў беларускіх рублях, расказваць не трэба. Але ж верылі…

Напрыклад, у лістападзе 2010 года Аляксандр Лукашэнка ў сваёй перадвыбранай праграме абяцаў: “Будуць забяспечаны стабільнасць курса беларускага рубля, абсалютная захаванасць прыватных укладаў, даступнасць банкаўскага крэдыту…”

Выбары прайшлі. У сакавіку гэтага года ўжо Нацыянальны банк Беларусі выдае прэс-рэліз: “У сувязі са з’яўленнем у апошні час правакацыйных чутак аб магчымай рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, якія атрымалі шырокае распаўсюджванне дзякуючы асобным СМІ і сетцы Інтэрнэт, Нацыянальны банк паведамляе, што гэтыя чуткі ніякім чынам не адпавядаюць рэчаіснасці. Акрамя таго, змяненні абменнага курса беларускага рубля, якія выходзяць за рамкі параметраў, што ўстаноўлены Асноўнымі накірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2011 год, не плануюцца і праводзіцца не будуць… У даны момант для забеспячэння ўстойлівасці нацыянальнай валюты Нацыянальны банк валодае ўсімі неабходнымі як манетарнымі інструментамі, так і золатавалютнымі рэзервамі. Іх узровень цалкам дастатковы для падтрымання стабільнасці беларускага рубля…”

Вось такія “ласункі” людзям абяцалі, але на выхадзе атрымаўся поўны “пшык”. Беларускія рублі абясцэніліся ў адносінах да долара амаль у тры разы, выраслі цэны, а адпаведна “пагарэлі” і банкаўскія ўклады ў беларускіх рублях. Жыхар Оршы Васіль Гаўрылавец справядліва вырашыў, што дзяржава, “як гарант стабільнасці і справядлівасці”, павінна адказваць за свае словы, і звярнуўся ў Нацыянальны банк па пытанні індэксацыі свайго ўклада.

— Я паверыў, што мой рублёвы ўклад не “згарыць”, але атрымліваецца, што мяне элементарна падманулі, — кажа ён. — Таму і звярнуўся ў Нацбанк з просьбай праіндэксаваць грошы, якія я паклаў у “Беларусьбанк”. Дарэчы, наколькі мне вядома, такіх зваротаў — мноства. На станоўчае вырашэнне пытання, калі казаць шчыра, я і не разлічваў, але хацелася даведацца, як будуць апраўдвацца…

Адказ з Нацыянальнага банка Васілю Гаўрылаўцу прыйшоў у жніўні за подпісам намесніка старшыні праўлення Нацбанка С.Дубкова. І зараз спадар Гаўрылавец ужо ведае, хто вінаваты ў яго няшчасцях. Аказваецца, што… сусветны крызіс! Вось толькі некаторыя вытрымкі з адказу аршанцу:

“…Сусветны фінансавы крызіс абумовіў пагаршэнне ўмоў функцыянавання нацыянальнай эканомікі, што адбілася на экспарце айчынных тавараў і прывяло да скарачэння валютнай выручкі, росту запазычанасцяў і іншых негатыўных тэндэнцый. На працягу некалькіх гадоў Нацыянальнаму банку сумесна з Урадам удавалася падтрымліваць стабільнасць беларускага рубля, высокі ўзровень заробкаў і жыцця насельніцтва. Але ва ўмовах перавышэння попыту насельніцтва на імпартную прадукцыю і скарачэння попыту на тавары айчыннай вытворчасці з боку замежных партнёраў, росту цэн на энерганосьбіты ў краіне пачаў адчувацца недахоп замежнай валюты. Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася з-за росту ажыятажнага попыту з боку насельніцтва на замежныю валюту, у тым ліку — для пакупкі легкавых машын. Для задавальнення ўзрослага попыту на замежную валюту былі затрачаны значныя золатавалютныя рэзервы дзяржавы.

…Нацыянальны банк прыняў усе меры, якія залежалі ад яго, па стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку. У гэтай сітуацыі паслабленне беларускага рубля аказалася вымушанай мерай, якая накіравана на карэкціроўку знешніх і ўнутраных дысбалансаў эканомікі, бо ўстойлівасць нацыянальнай грашовай адзінкі залежыць ад эфектыўнасці ўсёй эканомікі, яе канкурэнтаздольнасці, тэмпаў росту вытворчасці працы (у параўнанні з заробкам), прыбытку ад рэалізацыі тавараў і паслуг як унутры краіны, так і на знешніх рынках і многіх іншых фактараў.

Звяртаем Вашу ўвагу на той факт, што сума зберажэнняў у беларускіх рублях, якія знаходзяцца на банкаўскіх укладах (дэпазітах), не зменшылася, а змяніўся валютны эквівалент укладаў у выніку змянення курса беларускага рубля ў адносінах да замежных валют. Аднак варта ўлічваць, што пакупніцкая здольнасць грашовых сродкаў на ўнутраным рынку ацэньваецца з улікам узроўню інфляцыі. Падтрыманне пакупніцкай здольнасці зберажэнняў, якія даверылі банкам, ажыццяўляецца шляхам працэнтнай палітыкі”.

Далей Васілю Гаўрылаўцу растлумачылі, што Нацыянальны банк пастаянна павышае стаўку рэфінансавання, каб кампенсаваць інфляцыйныя страты, але напрыканцы дадалі: “Разам з тым дзеючае заканадаўства не ўтрымлівае норм, якія рэгламентуюць абавязацельствы дзяржавы па абароне зберажэнняў насельніцтва ад змянення курса беларускага рубля ў адносінах да замежных валют і захаванні суадноснага эквіваленту ў замежнай валюце”.

Вось з гэтага, як мне падаецца, і трэба было пачынаць. Галоўная фраза ва ўсім гэтым адказе — “заканадаўства не ўтрымлівае норм, якія рэгламентуюць абавязацельствы дзяржавы па абароне зберажэнняў насельніцтва ад змянення курса беларускага рубля ў адносінах да замежных валют”. А “сусветны фінансавы крызіс”, як і вайна, усё спіша. І ніхто нікому не павінен…




Аўтар: Алесь СІВЫ 
Крынiца: Народная Воля
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Пад Гродна ўсталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года

У Зарубіцкім лесе, які знаходзіцца пры дарозе з Гродна ў Індуру, усталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года. Згодна з задумкай Іосіфа Сідаркевіча, майстра лесу ў Індурскім лясніцтве, які і выканаў

Министр обороны Равков прокомментировал гибель солдата в Печах

"Командиры и начальники должны отвечать за подчиненных, - заявил он. - Не должно быть смертей военнослужащих, особенно срочной службы в мирное время".