Станіслава Шушкевіча хочуць аддаць пад суд

4

Акрамя таго, расійскія ліберал-дэмакраты ў заяве адзначаюць: адсутнасць непазбежнасці пакарання за дзяржаўную здраду як за злачынства, якое не мае тэрміну даўніны, працягвае служыць дастатковай матывацыяй для тых, хто і сёння вядзе дзейнасць па далейшым драбленні Расіі ў інтарэсах знешніх ворагаў”.

ЛДПРаўцы таксама нагадваюць, што 15 сакавіка 1996 года Дзярждума, абапіраючыся на “волю бальшыні насельніцтва краіны”, выказаную на рэферэндуме, прызнала страціўшай сілу  пастановы Вярхоўнага савета РСФСР “Аб дэнансацыі Дамовы аб утварэнні СССР”, чым фактычна адмяніла ратыфікацыю Белавежскіх пагадненняў.

Нагадаем, што падпісанае ў снежні 1991 года Белавежскае пагадненне — дамова аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў, якой было вызначанана спыненне існавання СССР. Пагадненне падпісалі тагачасны прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын, прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук і старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Дэпутаты ад ЛДПР лічаць неабходным паставіць пытанне аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці асоб, вінаватых у развале СССР. Іншымі словамі, Шушкевіча і Краўчука хочуць аддаць пад суд, а вось Ельцына “ўкусіць” ужо не могуць.

Пракаментаваць з’яўленне ініцыятывы “Народная Воля” папрасіла аднаго з падпісантаў Белавежскіх пагадненняў, першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча:

— Каментаваць лухту складана… Справа ў тым, што Ліберальна-дэмакратычная партыя Расіі на чале з Уладзімірам Жырыноўскім нічога не можа зрабіць у сваёй краіне, а таму выконвае функцыі клоуна ў расійскай палітыцы. Яшчэ падчас тэледэбатаў з Жырыноўскім (маецца на ўвазе перадача “Поединок”, якая выйшла вясной гэтага года. — Аўт.) я казаў яму: “Вы ўсё спяваеце пра тое, што было некалі, але сёння нічога не робіце. Належным чынам не працуеце над заканадаўствам, не захоўваеце расійскі капітал. У Расіі трэць насельніцтва жыве ніжэй за ўзровень беднасці. Вось вам і сцяг у рукі! Працуйце, мітынгуйце, крытыкуйце”.

Але навошта ім гэта? ЛДПР патрэбны папулісцкія захады, каб захаваць месца ў парламенце. І зараз зроблены чарговы папулісцкі выпад, які паказвае, што палітычныя клоуны яшчэ засталіся. Зараз у Маскве масавыя выступленні, а яны Саюз успамінаюць. Але што яшчэ можа рабіць прыдворная партыя? Ім лепш плакацца аб згубленым СССР, чым уздымаць цяперашнія праблемы расіян.

Ці баюся я крымінальнага пераследу? Ведаеце, ад усяго гэтага мне проста смешна. Партыя Жырыноўскага робіць мне пэўную рэкламу, я застаюся публічным чалавекам. Гэта, як у цырку, калі клоун анансуе наступны нумар…


Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!