Пачуўшы музыку (трэба ж было неяк прыцягнуць увагу патэнцыяльных пакупнікоў), народ пацягнуўся ў бок новага “Гіпа”, спадзеючыся на калядныя і навагоднія зніжкі. Усё ж такі – замежнае гандлёвае прадпрыемства, а за мяжою, як вядома, калядны распродаж па зніжаных цэнах звычайная практыка… І потым, каму не ахвота пазіркаць на новае, проста падзівіцца на шык і бляск?!
Урачыстае адкрыццё – з кароткімі прамовамі, уручэннем сімвалічнага ключа – заняло не болей пятнаццаці хвілін. Потым “феерверк” з бліскучага пап’е і… дзверы “Гіпа” расчыніліся. Народ борздзенька ламануў у “пашчу” новенькага “гіпер-супера”, расцёкся па ўсіх 17-ці тысячах квадратных метраў гандлёвай плошчы. Канечне, рознага тавару – пачынаючы з дзіцячых цацак і заканчваючы плазменнымі тэлевізарамі – процьма… Але хіба здзівіш сёння бедных беларусаў багагаццем асартымента?.. Не, вядома. Цяпер і ў задрыпанай крамцы ўсяго навалам, адна толькі праблема, адна загвоздка – грошай кот наплакаў. А ў каго і ёсць лішняя капейка, то шчэмяцца ў якую Польшчу ці Літву, там усё нашмат дзешавей – і зубная паста, і падгузнікі, і аўтамабільны “абутак”, і тыя ж плазменнікі…
Але дарэмна музыка іграла: цэны на ўсе тавары ў новым “Гіпа” практычна ніяк не адрозніваюцца ад тых, што па ўсяму Мінску – куслівыя і здзеклівыя ў адносінах да заробкаў грамадзян. Яно, канечне, калі б абяцаныя “пяцьсот” даляраў ператварыліся ў рэальнасць, а не ў абяцанку-цацанку, то яшчэ б куды не ішло… Але ж абяцанка на тое і цацанка, што дурню радасць… Карацей, замежны “Гіпапатам” у нашым балоце трошкі не той, што “за бугром”: зніжак на Каляды не дае, а ва ўсім астатнім вельмі нават падобны на экзатычную жывёліну – такі ж халёны, гладкі і з усімі тэхнічнымі прыбамбасамі. Хто не верыць, хай загляне ў пашчу новага “Гіпа”…
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!