Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Актывісткі ўкраінскага руху Femen абяцаюць адплаціць беларускім уладам за здзекі са сваіх сябровак. 
6:19 26 снежня 2011
175
Памер шрыфта

Прыйшла, распранулася, перамагла!

Раніцай 21 снежня тры дзяўчыны з грамадскага руху Femen перасяклі беларуска-ўкраінскую мяжу на машыне з дыпламатычнымі нумарамі. Консул Украіны ў Беларусі асабіста даставіў у Кіеў Іну Шаўчэнка, Аксану Шачко і Аляксандру Нямчынаву.

На дзень раней трох дзяўчат, якія зладзілі пікет ля будынка КДБ, невядомыя схапілі на сталічным аўтавакзале. Актывістак вывезлі з горада, здзекаваліся, пагражалі нажом, аблілі “зялёнкай” і прымушалі пазіраваць перад камерай распранутымі. У рэшце рэшт збітых, напалоханых дзяўчат выкінулі каля мяжы з Украінай… Прадстаўніцы Femen упэўнены, што жорсткія здзекі — справа, арганізаваная беларускім Камітэтам дзяржбяспекі.

“Не, нашы людзі іх не чапалі, як бы камусьці ні хацелася гэта ўявіць, — заявіў старшыня КДБ Вадзім Зайцаў. — Я лічу, што развіваецца правакацыя, а вось мэта, характар і хто стаіць за гэтым, гэта мы разбяромся ў бліжэйшы час”.

Вінаваты ўлады Беларусі, і яны павінны адказаць за свае дзеянні, агучвае агульнае меркаванне руху Femen яго лідар Ганна Гуцол. Сваю дзейнасць у Беларусі ўкраінская грамадская кампанія зварочваць не збіраецца.

— Адзінае, што можа разбурыць гэтую ўладу, — адсутнасць страху, — распавяла “Народнай Волі” спадарыня Гуцол. — Улада больш за ўсё баіцца пратэсту, насмешак. Мы абавязкова зладзім пікеты ў Мінску. Безумоўна, улічым вопыт мінулай аперацыі. Я думаю, што падобная сітуацыя не паўторыцца.

— Вы паабяцалі пагаліць пасла Беларусі ва Украіне. Гэта толькі першы крок супраць беларускіх улад?

— Уся міжнародная супольнасць павінна ведаць аб тых жахах, якія адбываюцца ў Беларусі. Гэта не проста казкі, а рэальнасць. Мы будзем прасіць міжнародную грамадскасць прымаць больш жорсткія рашэнні ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

— Пакуль афіцыйныя ўкраінскія ўлады занялі нейтральную пазіцыю. Як вы ацэньваеце гэта?

Консул Украіны вельмі дапамог нам. Мы ўдзячны яму за тое, што ён зрабіў усё магчымае для таго, каб максімальна хутка забраць нашых дзяўчат. Пры гэтым мы незадаволены пазіцыяй нашага МЗС. Яны не падалі афіцыйную ноту пратэсту. Мы будзем патрабаваць ад іх, каб гэты канфлікт быў прадстаўлены на належным узроўні.

Мы жадаем, каб нам даказалі, што ўкраінская ўлада можа абараніць сваіх грамадзян.

 

Людзі ў Беларусі вельмі запалоханы

Яшчэ да трагічнага здарэння пасля “голай” акцыі пратэсту перад КДБ Ганна Гуцол прызнавалася, што “на справу” ў Мінск едуць самыя лепшыя і правераныя барацьбіткі. Моц сваіх перакананняў Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава даказалі, распавёўшы аб сваіх пакутах на вулічным брыфінгу ў Кіеве ужо праз некалькі гадзін пасля вяртання з Беларусі.

— Людзі ў Беларусі вельмі запалоханы, — патлумачыла Аксана Шачко абыякавасць мінчан, якія бачылі, што невядомыя пацягнулі жанчын прэч з вакзала.

Па словах дзяўчат, дапамог ім толькі дзядзя Саша — жыхар вёскі Бекі, куды актывісткі выйшлі пасля трох гадзін блукання па лесе. Ды і то аднавяскоўцы адгаворвалі яго ад гэтага. Калі ў вёску прыехала міліцыя, дзяўчатам увогуле прапанавалі схавацца. Маўляў, гэта супрацоўнікі КДБ прыехалі завяршыць пачатую расправу.

— Мы думалі, яны наладзяць за намі паляванне, — сказала ў інтэрв’ю газеце “Взгляд” Аксана Шачко. — Гэта сапраўдныя каты! Людзі, якія забівалі людзей. Гэта было па ўсім відаць…

Дарэчы, была і яшчэ адна ахвяра. Чацвёртая ўдзельніца групы ўкраінскіх дзяўчат — відэааператар, падданая Аўстраліі Кэці Грын — была затрымана яшчэ падчас самой топлес-акцыі і дэпартавана ў Літву.

Прадстаўніцы Femen ужо не раз у прамым сэнсе станавіліся грудзямі за правы іншых людзей. Выступалі супраць сексуальнага рабства, увядзення еўра, падтрымлівалі расійскіх апазіцыянераў і топлес праводзілі ў Італіі Сільвіо Берлусконі… На радзіме і за мяжой прадстаўніцы Femen мелі канфлікты з паліцыяй, але наказвалі дзяўчат штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. У Беларусі ўсё пайшло па іншым сцэнарыі…

Яны думалі паздзекавацца з нас, запалохаць смерцю, — кажа Іна Шаўчэнка. — Былі ўпэўнены, што мы будзем маўчаць. Мы былі гатовы адседзець, але яны вырашылі абраць для нас іншы сцэнарый. Нам прапанавалі выбраць паміж жыццём і смерцю, каб мы выбралі жыццё і спынілі змаганне!

 

РЭЗАНАНС

Як вы ацэньваеце тое, што адбылося з актывісткамі Femen у Беларусі?

 

Ніна СТУЖЫНСКАЯ, старшыня Беларускай жаночай лігі:

— Прыкра і сорамна, сорамна і прыкра… Думаю, што білі дзяўчат з Femen тыя ж бравыя хлопцы, што распраўляліся з жанчынамі на Плошчы. Любое праяўленне добрай волі, калі яно нават не тычыцца палітычных рашэнняў у нашай краіне, выклікае рэакцыю адарвання. Заткнуць, забіць любую актыўнасць, любое праяўленне волі, любую нязгоднасць…

Навошта былі гэтыя дзікунскія паводзіны? Праўда, ведаючы, хто правіць баль у краіне, здзіўляцца няму чаму… Калі афіцыйныя ўлады Украіны прамаўчаць, значыць, яны дазваляюць усё тое, што адбылося з дзяўчатамі.

Людміла ПЕЦІНА, сустаршыня грамадскага аб’яднання “Жаночы незалежны дэмакратычны рух”:

— У мяне няма сумневу ў праўдзівасці таго, што дзяўчаты расказвалі. Было даволі выпадкаў, калі такімі сродкамі ў Беларусі распраўляліся з апанентамі ўлады. Можна ўзгадаць 1995 год, калі збілі дэпутатаў парламента. Іх таксама вывалаклі у чым ёсць на вуліцу, вывезлі ў лес, збілі і кінулі… Гэты стыль мне вельмі знаёмы.

Я захоплена мужнасцю ўкраінскіх дзяўчат. Яны ведалі, куды едуць, і ведалі, на што можа пайсці наша ўлада. Улада гатова ў любым выпадку прымяняць сілу. Дзяўчаты малайчыны, што вырашыліся так прыцягнуць увагу да беларускіх праблем. У іх гэта выдатна атрымалася. А для нашых улад гэта сорам і ганьба.

Святлана БЯСТУЖАВА, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі жаночы інфармацыйна-каардынацыйны цэнтр”:

— Я супраць любога гвалту. У адносінах да жанчын гэта ўвогуле недапушчальна. Што б там ні было, праяўляць гвалт не трэба. Пакуль чалавецтва не навучыцца дамаўляцца, у яго проста не будзе перспектывы. Ну колькі можна такімі гвалтоўнымі метадамі вырашаць усе праблемы? У першую чаргу гуманізм павінен сыходзіць ад улады, бо ў рэшце рэшт улада адказвае за ўсіх. Калі ўлада праяўляе гвалт, то яна абавязкова атрымае яго ў адказ.




Аўтар: Марыя МАЛЕВІЧ 
Крынiца: Народная Воля
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

У Мінску прайшоў “Марш абураных беларусаў”

21 кастрычніка, у Мінску адбыўся "Марш абураных беларусаў". Асноўныя лозунгі былі скіраваны на крытыку нестатутных адносінаў у войску, падтрымку сям'і загінўшага ў Печах саладата. Паводле падлікаў нез
20 кастрычнiка 2017

Лукашэнка адправіў у адстаўку камандзіра вайсковай часткі ў Печах

Начальніка 72-га гвардзейскага аб’яднанага навучальнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў гвардыі палкоўнік Канстанцін Чарнецкі адпраўлены ў адстаўку. Адпаведны ўказ падпісаў Аля
20 кастрычнiка 2017

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су