Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Учора ўвечары прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці адзначылі гадавіну Плошчы. Карэспандэнты “Народнай Волі” перадавалі з месца падзей: 
9:40 20 снежня 2011
79
Памер шрыфта

У Мінску затрымана каля 50 чалавек, якія спрабавалі запаліць свечкі ў гадавіну разгону плошчы- 2010 у знак салідарнасці з палітвязнямі.

20.30

У Маскоўскі РУУС на двух аўтобусах адвезлі 19 чалавек, паведамляе сайт незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” spring96.org.

Па некаторай інфармацыі, затрыманых Мікіту і Алену Ліхавід даставілі ў Цэнтральны РУУС. Тых, каго затрымалі на плошчы Якуба Коласа, хутчэй за ўсё ў РУУС Савецкага раёна.

У Цэнтральным РУУС знайшліся 12 затрыманых, іх адпусцілі без складання пратаколаў, у Ленінскім РУУС затрыманых было трое. Чатырох затрыманых на плошчы Якуба Коласа адпусцілі з машыны міліцыі без складання пратаколаў.

20.18

Наста Палажанка напісала ў «Фэйсбуку»: «Званілі затрыманыя, сярод іх і маладафронтаўцы. Сказалі, што паводзіў АМАП сябе жорстка: збівалі нагамі, вырывалі слухаўку”.

Людзі, якія сабраліся ля Чырвонага касцёла, пачалі разыходзіцца. Невялікі натоўп стаіць каля свечак, людзі моляцца. Аператары КДБ і МУС здымаюць усіх прысутных на відэа.

20.10

Журналісты БелаПАН паведамляюць, што на плошчы Незалежнасці “гуляе” амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас. Таксама да Чырвонага касцёла прыйшоў кіраўнік амерыканскай дыпмісіі ў Беларусі Майкл Скэнлан.

20.00

Мужчыну, які выйшаў з касцёла, адразу схапілі і павалаклі ў міліцэйскі аўтобус спецназаўцы. Жанчына з маленькім дзіцем, якая таксама выйшла з касцёла, пачала крычаць: “За што вы яго цягнеце?”. Яе адштурхнулі ўбок.

Супрацоўнікі міліцыі падыходзяць да людзей, якія стаяць ля касцёла і патрабуюць, каб тыя сышлі. Некаторых груба штурхаюць у бок аўтобуса.

Сярод тых, хто на Плошчы, — Мілана Міхалевіч, а таксама жонка Вячаслава Сіўчыка з сынам Вітаўтам. Некалькі жанчын чытаюць малітвы.

19.55

На плошчы Незалежнасці колькасць затрыманых —  каля двух дзясяткаў чалавек. Адзінкі былі затрыманы на плошчы Якуба Коласа і ў раёне Кастрычніцкай плошчы.

Сярод затрыманых – лідар прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, а таксама актывісты Міхась Мускі, Раман Васільеў, Андрэй Пратасавіцкі, Уладзіслаў Яроменак.

19.51

Гэтым часам у Чырвоным касцёле працягваецца служба. Журналісты стаяць на газоне ля будынка.

З касцёла выйшла Майра Мора, старшыня прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, а таксама  прадстаўнікі нямецкай амбасады.

19.42

Людзі працягваюць ісці на Плошчу Незалежнасці да Чырвонага касцёла. Нягледзячы на затрыманні, іх сабралася ўжо каля 200 чалавек.

19.38

Каля Чырвонага Касцёла пачаліся затрыманні. Літаральна да касцёла пад’ехалі машыны спецназа і пачалі затрымліваць людзей, якіх сабралася чалавек 50.

19.35

На плошчу Якуба Коласа да помніка паэту заехаў міліцэйскі аўтобус . Міліцыянеры пагражаюць маладым людзям, якія стаяць на плошчы, што зараз іх затрымаюць.

19.31

Журналісты Радыё Свабода перадаюць, што ля рэстарана «Васількі», што насупраць будынку КДБ, начальнік мінскай міліцыі Аляксандар Барсукоў асабіста правярае сумкі, пакеты і розныя пакункі ў мінакоў, якія рухаюцца ўздоўж праспекту Незалежнасці.

19.30

На плошчы Незалежнасці ля Чырвонага Касцёла каля дваццаці чалавек сабраліся разам і запальваюць свечкі.

1925

На плошчы Якуба Коласа пачалі з’яўляцца купкі маладых людзей. Але да іх адразу падыходзяць міліцыянеры і патрабуюць, каб тыя сыходзілі і не стаялі каля праспекта.

19.16

Каля дома старшыні партыі АГП Анатоля Лябедзькі дзяжураць некалькі чалавек. Лябедзька з нагоды засады пажартаваў у сваім фэйсбуку: «Адзін зайшоў у пад’езд. Вось думаю, або насікае, або бычкоў накідае каля дзвярэй”

19.10

Пачаліся затрыманні. Да чалавека, які каля філармоніі дастаў свечку і паспрабаваў яе запаліць, адразу кінулася з дзясятак людзей у цывільным . Ён закрычаў: “Людзі, дапамажыце!” Тых, хто паспрабаваў умяшацца, адразу схапілі і кінулі ў міліцэйскі аўтобус.

Да кожнай групкі маладых людзей, якія выходзяць з грамадскага транспарту, адразу накіроўваюцца міліцыянеры. Яны суправаджаюць маладых людзей. У раёне плошчы Якуба Коласа патруляваннем займаюцца нават супрацоўнікі крымінальнага вышуку і следчыя дазнавальнікі.

19.05

Каля плошчы  Якуба Коласа ўздоўж праспекта патрулююць па 5—6 міліцыянераў.

18.55

Каля Акадэміі навук не бачна ніякага руху. Людзі, як звычайна, вяртаюцца з працы. Толькі на праспекце каля цэнтральнага будынка Акадэміі заўважаны чатыры міліцыянеры “ў кампаніі” з двума маладымі людзьмі ў цывільным. І таксама міліцыянеры стаяць на выхадзе з метро.

18.50

На праспекце Незалежнасці заўважаны групкі маладых людзей. Некаторыя трымаюць свечкі, кветкі і бел-чырвона-белыя сцяжкі.

Фота Сяргея Ягелы

Актывісты “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі) прапанавалі такі фармат правядзення акцыі: у цэнтры сталіцы ад плошчы Незалежнасці да Акадэміі навук запаліць уздоўж праспекта свечкі. Такім чынам будзе выказана салідарнасць з беларускімі палітвязнямі, а таксама нагадана беларускай і міжнароднай супольнасці пра праблемы ў палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці ў краіне пасля брутальнага разгону мірнай акцыі ў дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 года.

У цэнтры Мінска – прылягаючых да Кастрычніцкай плошчы дварах – стаяць аўтобусы са спецназам. Каля ўваходаў у метро стаяць міліцыянеры і шчыльна аглядаюць усіх, хто выходзіць з падземкі.

Яшчэ за паўтары гадзіны да пачатку акцыі ўздоўж праспекта Незалежнасці з’явіліся супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным. У дварах і на прылеглых да праспекта вуліцах з’явіліся аўтазакі, у якія звычайна закідваюць затрыманых апазіцыянераў падчас вулічных акцый пратэсту ці мірных дэманстрацый.





Аўтар: Віталь Гарбузаў Любоў Лунёва 
Крынiца: Народная Воля
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

Анна Канопацкая: «Изначально не понимала, за что хотят исключить из партии…»

Депутат Палаты представителей и активистка Объединенной гражданской партии рассказала «Народной Воле», что «проблем с однопартийцами у нее больше нет».