Калі ціск аслабляецца, калі яго прыкладаць толькі час ад часу, калі ціск няшчыры, тады дыктатура можа жыць бясконца, дзе б яна ні была. Я думаю, што мы павінны быць вельмі цвёрдыя, таму важна, каб усе сябры Эўразвязу і ўсе астатнія, каго хвалююць правы чалавека, далучыліся да нас.

Крыстафер Сьміт сказаў журналістам, што і для Аляксандра Лукашэнкі калісці наступіць «дзень расплаты»: 

— Дзень расплаты надыдзе, і я думаю, што людзі вакол яго павінны гэта ўсведамляць. Мы цяпер маем Міжнародны крымінальны суд. Неўзабаве мы туды накіруем ліст, які выкажа наша моцнае перакананне, маё моцнае перакананне, што супраць Аляксандра Лукашэнкі павінна быць выстаўленае абвінавачанне з боку Міжнароднага крымінальнага суда.

Пра супрацоўніцтва ЗША з Еўразвязам адносна Беларусі кангрэсмен Сміт выказаўся наступным чынам:

— Я лічу, што павінна быць нашмат больш. Нашмат, нашмат больш. Яны маюць спіс, які вельмі нагадвае наш, што да спісу санкцый і так званага дадатку (то бок — спісу людзей, якім не даецца віза), але павінна быць зроблена нашмат больш. Мы ўвесь час выступаем з гэтым аргумэнтам на Парламенцкай асамблеі АБСЕ — наконт мацнейшага і больш рашучага пасылу. Я быў сярод тых, хто меркаваў, што постсавецкую Беларусь увогуле не варта было прымаць у Парламенцкую асамблею АБСЕ, пакуль яна не дасягне пэўных паказнікаў, якія былі акрэсленыя папярэдне. Я нават некаторы час блакаваў яе далучэнне. Але потым здарылася капітуляцыя з боку Парламенцкай асамблеі, якая прывяла да таго, што Беларусь была прынята, і сітуацыя там не палепшылася, а наадварот — пагоршылася.