Аголеныя па пояс, яны разгарнулі плакаты «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням», і скандавалі: «Жыве Беларусь!». Дзяўчаты мелі намаляваныя на тварах вусы, у адной з іх на спіне быў намаляваны Лукашэнка.

Пасля заканчэння акцыі, яе ўдзельніцы змаглі сысці. Ахова будынка КДБ затрымала апэратара газеты «Наша ніва» Таццяну Гаўрыльчык і незалежнага фатографа Юлію Дарашкевіч. Была затрымана таксама аператар Femen, грамадзянка Аўстраліі Кіці Грын, паьней яе вызвалілі.

Начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч назваў акцыю «грубай спланаванай правакацыяй».

Свабода пагутарыла з лідарам украінскага руху «Фэмэн» Ганнай Гуцал.

Як у актывістак руху з’явілася думка правесці акцыю ў Беларусі?

Мы вельмі сябруем з беларусамі-апазіцыянерамі, якія жывуць у Кіеве, часта ходзім на іх пасяджэнні, прагляды фільмаў, і мы шчыра пранікліся ідэяй вызвалення беларускага народу ад дыктатара, і ў нас нават сфармавалася асобная фракцыя Фэмэн — прыхільнікаў беларускага народу. Мы доўга спрачаліся і прынялі рашэнне, што павінны падтрымаць беларускі народ ня проста ў Кіеве, а павінны паехаць у Мінск, каб паказаць народу Беларусі, што трэба змагацца, што нельга баяцца, што нават мы, дзяўчаты з Украіны гатовыя прыяжджаць да вас і пратэставаць супраць Лукашэнкі.

Дзяўчаты, якія наладзілі акцыю каля будынка КДБ у Мінску — Аляксандра Нямчынава, Аксана Шацько і Іна Шаўчэнка — наколькі яны ўсведамлялі рызыку, да якой рэакцыі беларускіх улад яны былі гатовыя?

Акцыя кампаніі Femen насупраць беларускага КДБ
​​Ехалі самыя правераныя байцы, дзяўчаты, якія ведалі, што могуць быць праблемы, што можна адсядзець суткі, могуць быць фізычныя калецтвы. Паехалі тыя, хто гатовыя былі пацярпець, калі б такое здарылася. Але людзі верылі, што сваёй акцыяй яны прымусяць беларускі народ паўстаць, не баяцца, абараняць сваю волю.

Часам у адрас руху Фэмэн можна пачуць крытыку, што ў яго няма ніякай ідэалогіі, ніякага зместу, а толькі формы — то бок прывабная форма пратэсту, але супраць чаго пратэставаць — не так важна. Наколькі апраўданая такая крытыка?

Гэта кажуць зласліўцы, якія наогул супраць жаночых пратэстаў, а тым больш — топлес-пратэстаў. Наша галоўная ідэалогія — што ў справе вызвалення жанчыны ў патрыярхальным свеце трэба быць максімальна радыкальнымі, і толькі топлес-пратэст можа ўзбурыць гэты патрыярхальны свет, і таму мы лічым, што мы на слушным шляху. Жаночая рэвалюцыя павінна здзейсніцца, і яна павінна праходзіць менавіта ў топлес-фармаце: чым больш радыкальна, тым больш эфекту ад нашых дзеянняў. У нас — ідэалогія вызвалення жанчыны, свабоды і дэмакратыі ва ўсіх краінах, мы гатовыя дапамагаць людзям ва ўсіх краінах. Нам пішуць людзі з Бразіліі, з Беларусі. Фэмэн — дастаткова моцны ідэалягічны рух, у адрозненне ад тых жа украінскіх партыяў, у якіх адна ідэалогія — выбівання «бабла» з украінскага народу.

Тое, што вы выкарыстоўваеце аголенае цела — ці не спрыяе пашырэнню гендэрных стэрыатыпаў, што жанчына гэта найперш сэксуальны аб’ект?

Наадварот: гендэрны стэрэатып — што жанчына сэксуальны аб’ект, які павінен быць схаваны пад вопраткай, і што жаночае цела належыць мужу, рэкламнаму бізнэсу, сэкс-індустрыі. Мы хочам паказаць што цела жанчыны перадусім належыць ёй і грамадзянскай барацьбе.

Як вы дамаўляецеся пра нейкія акцыі — ці узгадняюць актывісткі свае ідэі з астатнімі, ці ёсць у вас нейкі штаб?

Па-першае, мы заўсёды прымаем рашэнні калектыўна, у нас ёсць асноўны склад арганізатараў, вядома, тут павінна быць добрая воля актывістаў, якія будуць удзельнічаць у акцыі. Ніхто недобраахвотна не ўдзельнічае. Прынцып адбору тэмы залежыць ад фінансавых магчымасцяў — ці можам мы выехаць у нейкую краіну. Калі б у нас былі большыя магчымасці, мы б прысутнічалі амаль у кожнай краіне свету.

Ці ёсць адчуванне, што ў некаторых грамадзтвах такія перфомансы, як у вас, могуць наадварот адштурхнуць больш людзей ад вашых ідэй, чым прыцягнуць, прывабіць?

Ахоўнік іранскай амбасады спрабуе спыніць пратэст Femen, 2010
​​Не, мы праводзілі акцыю ў абарону іранскіх жанчын, у абарону жанчыны, якую збіраліся забіць камнямі за здраду памерламу мужу, мы зрывалі дні іранскай культуры ў Кіеве, топлес, і мы атрымалі вялікую колькасць лістоў удзячнасці з Ірану: пісалі і званілі і мужчыны, і жанчыны. Чым больш паняволены народ, тым больш ён гатовы прымаць радыкальную падтрымку, і для яго ня мае значэнне, топлес ты выйшаў альбо не — ім важна, што ты іх падтрымліваеш. І калі ёсць розгалас у прэсе, гэта мае для іх значэнне.

Што б вы адказалі тым, хто кажа, што Фэмэн робіць сабе рэкламу, каб пасля зарабляць на пратэстах грошы?

Няхай знойдзецца хаця б нехта, хто пацвердзіць, што Фэмэн за нейкія акцыі прасіў ці браў грошы. Мы — незалежны рух і не зарабляем на акцыях, мы грамадзянскі рух, зарабляем сваімі магчымасцямі, сваёй крамай, дзякуючы дабрачынным унёскам.

Якая рэакцыя на вашы акцыі здаецца вам найбольш прадуктыўнай? Пасля сённяшняй акцыі ў Мінску — на які эфект вы разлічвалі?

Па-першае, у Кіеве нам выказваюць удзячнасць вельмі шмат беларусаў, і людзі пішуць нам і ў сацыяльных сетках, і гэта той вынік, які мы хацелі пабачыць. Многія пішуць: «Дзякуй вам за смеласць, і нам павінна быць сорамна за тое, што мы баімся». Хаця мы разумеем, што мы — грамадзяне іншай краіны, і ў нас большая бяспека, а са сваім народам Лукашэнка можа зрабіць усё што заўгодна.

Ці можна чакаць ад вашага руху бліжэйшым часам яшчэ нейкіх акцый у падтрымку Беларусі ?

Думаю, так. Мы хочам і надалей працягваць змаганне з рэжымам Лукашэнкі, мы будзем і надалей працягваць дэманстраваць ягоную блазенскую прыроду і казаць пра тое, што ягоныя неадэкватныя дзеянні могуць прывесці да катастрофы Беларусі — ад грамадзянскай вайны да захопу Расіяй. І таму мы будзем дапамагаць змагацца беларускаму народу за дэмакратыю.