Фестываль WatchDocs  — адзін з буйнейшых і старэйшых еўрапейскіх фестываляў фільмаў, прысвечаных тэме правоў чалавека. Штогод фестываль прадстаўляе гледачам болей за 100 кінастужак у сферы Human Rights.

Фестываль прайшоў у Варшаве з 8 па 18 снежня, у апошні дзень былі абвешчаны фільмы-прызёры. Кінастужка “Беларуская мара” Кацярыны Кібальчыч атрымала прыз глядацкіх сімпатый.

— На маю думку, у часе прэм’еры фільма было відавочна, што фільм вельмі крануў гледачоў, — падзялідўася сваімі ўражаннямі былы галоўны рэдактар “Комсомольской правды в Белоруссии», кіраўнік інфармацыйнага Бюро Салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве Юлія Слуцкая. —  Зала кінатэатра “Muranow”, дзе 11 снежня адбылася польская прэм’ера “Беларускай мары”, была поўная. Людзі плакалі. А пасля фільма не спяшаліся сысці, засталіся на дыскусію.

“Беларуская мара” — першы незалежны поўнаметражны дакументальны фільм пра жыццё сучаснай Беларусі, паказанае праз гісторыю маладога беларуса, які пражыў большасць свайго веку ў краіне, якой кіруе дыктатар. На фоне фальсіфікаваных выбараў, жорсткіх рэпрэсій, сур’ёзнага эканамічнага крызісу паказваецца, як усё больш людзей у самай «стабільнай» постсавецкай краіне пачынаюць марыць пра змены.

Гэта гісторыя пра тое, як рэжым можа раздушыць чалавека — і пра тое, як чалавек можа супрацьпаставіць асабістую свабоду — татальнаму кантролю.

Цягам апошніх двух тыдняў фільм прэзентацыя “Беларускай мары” адбылася ў Берліне, Варшаве, Вільні, Кіеве, Кракаве, Вроцлаве. Сёння, 19-га снежня, плануецца прэзентацыя ў Амстэрдаме.

Фільм быў створаны пры дапамозе Нямецкага Фонду Маршала ў Варшаве і Інфармацыйнага Бюро Салідарнасці ў Варшаве.