Як засведчыла апошняя сустрэча ў Маскве, за час пасля выбараў Беларусь трапіла яшчэ ў большую залежнасць ад усходняй суседкі. Напрыклад, цяпер мы вымушаны прасіць Расію аб тым, каб Яна паспрыяла ўступленню нашай краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Хаця яшчэ пару гадоў таму шанцы Беларусі па ўступленні ў СГА ацэньваліся значна вышэй, чым расійскія. Акрамя таго, Беларусь пагадзілася падзяліцца часткай эканамічнага суверэнітэту і перадала шэраг паўнамоцтваў па рэгуляванні гандлёвых пытанняў Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Дарэчы, на пасаду старшыні калегіі ЕЭК прызначаны прадстаўнік Расіі — былы міністр прамысловасці і гандлю Віктар Хрыстэнка. І гэта Беларусь не аспрэчвала, прыняўшы, што пад наша куратарства ў Камісіі выдзелілі не вельмі прэстыжны аграпрамысловы блок.

Напярэдадні маскоўскай сустрэчы эксперты выказвалі думку, што Аляксандр Лукашэнка будзе прасіць прэзідэнтаў Расіі і Казахстана аб дапамозе ў выпадку, калі так званыя “трэція краіны” пачнуць на Беларусь эканамічны ціск. Іншымі словамі, на выпадак, калі справа дойдзе да эканамічных санкцый, якімі Захад даўно пагражае адказаць Мінску на рэпрэсіі супраць апазіцыі. Аднак чым скончылася гэтае абмеркаванне — не вядома. У любым выпадку ўсім зразумела, што абяцаць і Мядзведзеў, і Назарбаеў могуць што заўгодна. Аднак браць прыклад з Аляксандра Лукашэнкі па ізаляцыі сваіх краін ад самых вялікіх рынкаў — заходніх — яны не будуць.