Ён будзе пабудаваны непадалёк ад вёсак Залессе і Гуляева ў Салігорскім раёне. Па словах намесніка галоўнага інжынера па горных работах ААТ “Беларуськалій” Уладзіміра Тараканава, Дарасінскі руднік мусіць падтрымаць магутнасці 3-га рудаўпраўлення. Практычна ўжо маецца інвестыцыйнае абгрунтаванне пад гэты праект, а ў наступным годзе пачнецца распрацоўка самой праектнай дакументацыі. Маштабнае будаўніцтва і праходка ствалоў пачнуцца ў 2013 годзе. Але перад гэтым будзе праведзена папярэдняе бурэнне свідравін. Сам жа ўвод у эксплуатацыю Дарасінскага рудніка запланаваны на 2018 год.

Запасы руды на гэтым участку Старобінскага радовішча складаюць прыкладна 180 млн. тон. Гэтага дастаткова, каб (пры праектнай магутнасці ў 6 млн. тон) наступныя 45 гадоў ні ведаць праблем з наяўнасцю руды. Яна будзе паступаць па канвеернаму тракту – 7,5 км – на абагачальную фабрыку 3-га рудаўпраўлення. Да 2015 года вытворчыя магутнасці “Беларуськалія” прадугледжана павялічыць на 25 працэнтаў. У абсалютным выражэнні здабыча сільвініту складзе не 38,7 млн. тон., як цяпер, а ўсе 48, 5 млн. тон…