Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Плошча: пачатак канца балотнай дыктатуры. Год пасля Плошчы -- чорны год. Ад мясілава перад Домам урада ды канвеера рэпрэсій прайгралі ўсе -- і ўлада, і апазіцыя, і грамадства, і Еўропа. Усе, акрамя Расіі. 
13:45 16 снежня 2011
123
Памер шрыфта

Плошча: пачатак канца балотнай дыктатуры

Год пасля Плошчы — чорны год. Ад мясілава перад Домам урада ды канвеера рэпрэсій прайгралі ўсе — і ўлада, і апазіцыя, і грамадства, і Еўропа. Усе, акрамя Расіі. Але не будзем хапацца за канспіралагічную версію пра руку Масквы. У кожнага гульца на беларускім палітычным полі — свая галава на плячах. Па ідэі…

Ці быў фатальным такі жахлівы сюжэт? Гісторыя не церпіць умоўнага ладу. Але адна рэч, калі пастфактум можна сказаць: мы зрабілі ўсё, што маглі. І зусім іншае, калі выглядае, што дроў наламалі з розных бакоў.

З маральным абліччам сённяшніх кіруючых вярхоў eсё зразумела, таму не будзем траціць пафасу. Дзеля ўтрымання ўлады там гатовы біць па галовах, трушчыць лёсы. Але на мінулых выбарах, сарваўшыся на дзікую расправу, рэжым атрымаў класічную піраву перамогу. Каталізаваў тыя чыннікі, што ўрэшце яго і пахаваюць.

З аднаго боку, Лукашэнка за гэты год нібыта таго-сяго дамогся. Дручком сцвердзіў свой чарговы тэрмін, нагнаў страху на грамаду. Знясіліў палітычных ворагаў: рэпрэсіі асфальтавым катком прайшліся па структурах палітычнай апазіцыі, трэцім сектары, недзяржаўных медыях. Нарэшце, атрыманы кош пернікаў ад Крамля: тут вам і танны газ (хоць на год-другі) і шалёны крэдыт на будаўніцтва АЭС…

Але няўзброеным вокам бачна, што на душы ў трыумфатара скрабуць кошкі. Эканоміка дабіта да абуха, масты на Захад спалены (крэдыт ад МВФ — ага, так і разагналіся!), краіна закладаецца ў расійскі ламбард, Масква точыць зубы… Разам з фінансамі абваліўся давер да ўлады. Рэйтынг Лукашэнкі сёлета проста пікіраваў — да 20,5% у верасні паводле незалежных даследаванняў сацыёлагаў, зараз, пэўна, яшчэ меней. Адным словам, рэжым сутыкнуўся з нябачаным крызісам унутранай легітымнасці, а гэта нашмат страшней, чым рэзалюцыі-пшыкалкі са Страсбурга.

Няўдзячная місія — разважаць пра памылкі апазіцыі, калі некалькі яе лідараў яшчэ трываюць здзекі за кратамі. Але без балючага аналізу не абысціся, іначай грамада канчаткова страціць веру ў палітычную альтэрнатыву.

Зірнём праўдзе ў вочы: падчас мінулай кампаніі палітычная апазіцыя на кожнай развілцы выбірала ці не найгоршы сцэнарый. І калі аўтар гэтых радкоў, напрыклад, з артыкула ў артыкул дзёўб пра неабходнасць адзінага кандыдата, то чуліся папрокі ў старамоднасці. Маўляў, найлепей наступаць рассыпаным шыхтом. Чым болей кандыдатаў, тым болей апазіцыйнага піяру і г.д. Асобныя партыі вылучылі дублёраў, першыя ж асобы вырашылі пераседзець… Прамоўцы заклікалі народ да рашучага змагання, цвердзілі, што ўсё вырашыць Плошча, а самі лічылі кампанію тэхнічнай і не надта пераймаліся моцнымі стратэгіямі. Прасунутая ж частка соцыуму ўрэшце аказалася болей зараджанай на перамены, чым уяўлялася ў пэўных штабах.

Між тым паблажлівая рэгістрацыя прэтэндэнтаў у кандыдаты (хто не ведае, што далёка не ўсе са “шчасліўчыкаў” сабралі па сто тысяч подпісаў) толькі разагрэла аднаасобныя амбіцыі. А гэта ж была класічная “разводка”! Аднак — павяліся на вуду, шчыра кажучы, здрадзіўшы свайму сумленню і дfверу выбаршчыкаў. Пра адзінага кандыдата сапраўды смешна ўжо стала і згадваць. Але ж у выніку не аказалася і элементарнага — супольнага плана Плошчы! Хто стаў ініцыятарам рэйду на Дом урада — так і не вядома дасюль. У выніку тысячы людзей трапілі ў пастку.

Асобныя сілы ў лагеры праціўнікаў рэжыму не ўтойвалі намеру любым чынам сарваць прызнанне выбараў Еўропай. Так яно і сталася, але якім коштам? Палітычная апазіцыя дэ-факта разгромлена. Яна, здаецца, канчаткова перастала быць гульцом на ўнутраным полі. Падзенне рэйтынгу Лукашэнкі не суправаджаецца ростам рэйтынгаў апазіцыйных партый ці лідараў. І тое, што народ не ламануўся на Народны сход, тлумачыцца не толькі страхам, але і сённяшнім татальным скепсісам у дачыненні да любых задум старой апазіцыі з яе шлейфам параз ды растрачаным маральным крэдытам.

Пра Еўропу можна сказаць двума словамі: яе “беларуская” палітыка збольшага дэкларатыўная, насамрэч свая кашуля бліжэй да скуры. Чым меней спадзяванняў на місію Еўрасаюза датычна лёсу беларускай дэмакратыі, тым лепей. Урэшце, Брусель нам нічога не вінны. Смешна думаць, што бюргеры Старога свету, у якіх валіцца еўра, будуць дбаць пра нашу дэмакратыю болей, чым самі беларусы.

Беларусы ж, з аднаго боку, сцяліся. Зняпраўдзілі старую апазіцыйную стратэгію: вось грымне крызіс — і мы ўедзем ва ўладу на белым кані на чале разгневаных мас.

Некалі ладная доля тутэйшага люду, змарнаваная постсавецкімі нягодамі, згадзілася аддаць правы і свабоды ў абмен на сытную казённую пайку. Зараз і пайка абы-што, і хамут скінуць цяжка. Ідзе пакутлівы працэс асэнсавання, што “жалезная рука” заўжды прапануе ўгоду з д’яблам. У выніку — ні волі, ні дабрабыту.

З іншага боку, тая ж Плошча, а потым летнія маўклівыя пратэсты засведчылі, што ёсць у краіне людзі, і іх нямала, для якіх свабода апрыёры ідзе наперадзе кілбасы. Дарэчы, на Плошчу 19 снежня многія выходзілі не столькі за канкрэтнага альтэрнатыўнага кандыдата, колькі таму, што элементарна абрыдла, дастала прымітыўная балотная дыктатура, калі, паводле мяцежных рокераў, “усё стабільна, але ж дэбільна”.

Нацыя ў значнай ступені перарасла дрымучы калгасны рэжым — вось у чым падстава для стрыманага аптымізму. Асабіста для мяне надзея на будучыню Беларусі найперш звязваецца з працэсам пераплаўкі адзінак насельніцтва ў грамадзянскую супольнасць.

І таму стаўка мусіць быць не на маршы пустых каструль, не на галодныя бунты, да якіх можа не дойдзе ніколі (і дзякуй богу). Не раз’юшаныя рабы, а ўнутрана свабодныя людзі — вось магільшчыкі калгаснай дыктатуры. І пасля таго, як яна ляснецца, многім будзе нават дзіўна, як столькі гадоў трывала ў цэнтры Еўропы пачварная анамалія.



Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКI 
Крынiца: Народная Воля
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Крутыя сцяжыны Міколы Маркевіча

  Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання 27 ліпеня 1990 года абвясціў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, якім фактычна вызначыў шлях Беларусі да незалежнасці. У ліку дэпутатаў, якія пракладал

ЕС: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму азмрочана сістэматычнымі парушэннямі

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму азмрочана сістэматычнымі парушэннямі, гаворыцца ў дакладзе ЕС па правах чалавека і дэмакратыі ў свеце за 2016 год. У дакуменце адзначаецца, што ў мі