Брэстчанка Таццяна Ячнік атрымала паведамленне з Камітэта ААН па правах чалавека, што яе скарга адносна неналічэння пенсіі па пашпарце савецкага ўзору прынята да разгляду.

Таццяна Ячнік адмовілася ад новага беларускага пашпарта з ідэнтыфікацыйным нумарам па рэлігійных перакананнях, і ў выніку ёй адмовілі ў налічэнні пенсіі па старым пашпарце. Яна ўжо чатыры гады не атрымлівае пенсію па ўзросту. Жанчына звярталася ва ўсе судовыя інстанцыі Беларусі, дзе ёй было адмоўлена. Пасля гэтага спадарыня Ячнік звярнулася ў Камітэт ААН.

У такой жа сітуацыі, што і Ячнік, у Беларусі апынуліся яшчэ каля 500 чалавек. Гэтыя людзі адмаўляюцца ад пашпартоў новага ўзору, бо ў гэтых дакументах пазначаны асабісты нумар чалавека. Нягледзячы на тлумачэнні афіцыйнай Царквы, гэтая група веруючых лічыць, што “лічбавых імен” у людзей быць не павінна і бачаць у асабістых нумарах пячатку Антыхрыста.

Калі дакладна ў Камітэце па правах чалавека ААН будзе разглядацца скарга брэстчанкі наконт парушэння яе права на сацыяльнае забеспячэнне, свабоднае веравызнанне, а таксама дыскрымінацыю, пакуль невядома. Дарэчы, афіцыйныя структуры Беларусі ўвогуле даслалі ў Камітэт тлумачэнне, што такая скарга непрымальная для разгляду.

Алена НОВІКАВА