Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Чарговы, XVI з’езд Саюза беларускіх пісьменнікаў (“нячэсных”) праходзіў мінулай суботай у сталічным Палацы мастацтваў... 
10:53 12 снежня 2011
40
Памер шрыфта

На парадак дня вынеслі тры пытанні – справаздачны даклад старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, выбары Рады і прыняцце выніковай рэзалюцыі. Тон і градус пісьменніцкаму форуму з самага пачатку задаў Генадзь Бураўкін, замовіўшы літаральна наступнае: “Нам неабходна вярнуць цікавасць народа да чытання. Без літаратуры мы не зможам авалодаць моваю. Каб чытаць беларускія кнігі, трэба ведаць мову. Але адкуль гэта возьмецца, калі яна не гучыць з экранаў тэлебачання, скарачаюцца курсы мовы і літаратуры у школах? Неабходна выпрацаваць цывілізаваную моўную палітыку… Нам трэба адзінства нацыі, з’яднанне вакол святыняў зямлі, у ліку якіх і родная мова”.

У сваёй справаздачы Алесь Пашкевіч, як і належыць, грунтоўна высвеціў аб’ектыўна-рэальныя набыткі творчага саюза за мінулае чатырохгоддзе (іх досыць і яны ўражваюць, нягледзячы на цалкам аўтаномнае “плаванне” Саюза ў літаратурным моры), а таксама завастрыў увагу дэлегатаў на асноўнай, зноў-такі моўнай праблеме… З часоў паўстання 1830 і 1863 і да гэтай пары, казаў ён, не перапыняецца барацьба за душу беларускага народа – яго мову. І мала што памянялася з тае пары, бо дамоклавым мячом вісіць у паветры прысуд, выказаны ворагам усяго беларускага: “То, что ни сделал русский штык, доделает русский язык…». Падводзячы вынік усяму сказанаму, спадар Пашкевіч перасцярог дэлегатаў, усю грамадскасць: “беларуская мова, як найпершы складнік нацыянальнай адметнасці, сёння становіцца апошнім гарантам нашай дзяржаўнай незалежнасці. Так, так і толькі так! Бо ўжо нішто – ні эканоміка, ні двурушніцкая палітыка ўладаў – не ўратуюць ад страты незалежнасці”. Красамоўнае выказванне расійскага пасла ў Беларусі спадара Сурыкава толькі пацвярджае навіслае над краінай: “85 процентов энергетики в Беларуси на российском газе; вся нефтепереработка и нефтехимия на российском сырье. Львиная доля машиностроения кооперационная, и массовый рынок реализаций российский. Экономика Беларуси на 100 % зависит от России».

Вось так. І ніводзін з высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў яму не запярэчыў…

Пад канец работы з’езда, у якім бралі ўдзел звыш двухсот дэлегатаў ад 416-ці чальцоў Саюза  беларускіх пісьменнікаў, быў выбраны  новы кіраўнік незалежніцкага грамадскага аб’яднання. На безальтэрнатыўнай аснове старшынёю незалежнага СБП абраны Барыс Пятровіч (Сачанка) – з роду тых самых Сачанкаў, якія далі нацыі некалькіх вядомых літаратараў і журналістаў. Ён прыйшоў у літаратуру ў 80-я гады, уваходзіў у незалежніцкае згуртаванне моладзі “Тутэйшыя”, пасля доўгі час працаваў у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, а з 2009 года – галоўны рэдактар літаратурнага штотыднёвіка “Дзеяслоў”. Ён аўтар некалькіх празаічных зборнікаў, першы з якіх – “Ловы” – быў апублікаваны ў 1992 годзе.

Варта адзначыць, што  цяпер у краіне два пісьменніцкія  саюзы – прыбліжаны да ўлады і  лаяльны ёй Саюз пісьменнікаў Беларусі (чаргінцоўскі СПБ),  і альтэрнатыўны, цалкам незалежны ад “вертыкалі”  Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП). Апошні лічыць сябе нашчадкам Саюза пісьменнікаў БССР, заснаванага 75 гадоў таму, і членамі якога былі карыфеі беларускай літаратуры, гонар нацыі – Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Іван Мележ, Янка Брыль, Васіль Быкаў…

Хто працягне гэты, далёка не поўны спіс імёнаў у навейшай беларускай літаратуры?. Час пакажа…

Фота аўтара



Аўтар: Георгій ЧЫГІР 
Крынiца: Народная Воля
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

“Кожны з нас гісторык нацыянальны”. У Гродне адбылася канферэнцыя па паўстанні 1863-1864 гадоў

16 навукоўцаў з Беларусі і Польшчы сабраліся 21-22 верасня ў Гродне, каб высветліць маштаб і наступствы паўстання 1863-1864 гадоў для Гродзеншчыны. Сярод іх з беларускага боку прафесары Вячаслаў Швед
21 кастрычнiка 2017

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.
20 кастрычнiка 2017

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.