Чакаецца, што на з’ездзе будзе абрана кіраўніцтва партыі. Зараз у аргкамітэце па стварэнні БХД чатыры сустаршыні – экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец, які адбывае на “хіміі” тэрмін, атрыманы пасля падзей 19 снежня 2010 года, Георгій Змітрук і Аляксей Шэін. Напярэдадні з’езда Аляксей Шэін заявіў, што не будзе вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду сустаршыні БХД. Сваё рашэнне ён патлумачыў так:

– Я вырашыў не вылучацца на пасаду сустаршыні БХД. Гэтае рашэнне далёка не спантаннае, яно прымалася ў малітве, і я веру, што на такі крок ёсць Божая воля – хрысціяне зразумеюць, пра што я кажу.

Нашай краіне неабходна нацыянальнага і духоўнага адраджэння. У гэтым я і бачу свой асноўны ўдзел у агляднай пэрспектыве – праз асветніцкія хрысціянскія і нацыянальна-культурныя праграмы, творчасць, працу з вернікамі, інтэлігенцыяй, моладдзю.