Праўда, абсалютна дакладных лічбаў чыноўнікі пакуль што не агучылі, але насельніцтва, навучанае папярэднім вопытам нармавання вады (толькі ў Мінску ў лістападзе амаль 9 тысяч жыхароў паскардзіліся на няправільныя разлікі ЖЭСаў), рыхтуецца да горшага.

Прыкладам, віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін папярэдне акрэсліваў “лінію электрычнай дэмаркацыі” на лічбе 107 кВт на 1 чалавека ў месяц (без уліку электрапліты). Нават паводле самых прыблізных падлікаў, якія правяла “Тут і цяпер”, гэтага аб’ёму электраэнергіі хопіць на тое, каб чалавек мог увесь месяц спакойна карыстацца халадзільнікам, тэлевізарам і камп’ютарам (па 3 гадзіны штодня), пральнай машынай (1 раз на тыдзень), чайнікам (двойчы ў дзень), зараджаць мабільны (раз у тры дні) і ўключаць штодня на некалькі гадзін святло ў пакоях (з разліку 3 лямпачкі па 60 Вт). Чым больш людзей зарэгістравана ў кватэры, тым большую колькасць электрапрыбораў можа сабе дазволіць сям’я.

Дарэчы, як падлічылі спецыялісты Міністэрства энергетыкі, сярэднестатыстычная сям’я з трох чалавек выкарыстоўвае ў зімовыя месяцы прыкладна 200 кВт электрычнасці. Калі памножыць 3 на 107, то атрымліваецца не жыццё, а суцэльная маліна: сядзі за камп’ютарам хоць 8 гадзін, тэлевізар можна не выключаць кругласутачна, пыласось штодня і не “парся” наконт забытага ў разетцы зараднага прыстасавання для тэлефона. Тым жа, хто жыве адзін, але таксама жадае карыстацца ўсімі выгодамі цывілізацыі, застаецца толькі паспачуваць. Але…

Нядаўна ўсплыла зусім іншая лічба — 150 кВт. Прычым не на чалавека, а на ўсю кватэру, незалежна, колькі там чалавек пражывае. Згаданы аб’ём электраэнергіі, як разважае “Народная газета”, будзе аплачвацца па льготных тарыфах: для кватэр з газавымі плітамі гэта 238,5 рубля за 1 кВт/г, для кватэр з электраплітамі — 202,6 рубля за 1 кВт/г. “Пры гэтым сабекошт энергіі складае каля 7 цэнтаў за 1 кВт/г”, — цытуюць журналісты намесніка начальніка ўпраўлення энергаэфектыўнасці, экалогіі і навукі Міністэрства энергетыкі РБ Вадзіма Кандрусёва. Відавочна, да гэтай лічбы (па бягучым курсе Нацбанка, 7 цэнтаў роўныя 595 рублям) будуць прыведзены і так званыя “эканамічна апраўданыя” тарыфы, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё выдаткаў. Калі ў дзеянне будзе ўведзена менавіта гэтая схема, то за спажытую звыш нормы электраэнергію давядзецца плаціць амаль у 2,5 разы больш, чым за “ільготную”. Гэта значыць, што тая ж сярэднестатыстычная сям’я з трох чалавек, якая за зімовы месяц спажывае 200 кВт, замест 40—47 тысяч рублёў у жыроўцы ўбачыць лічбу як мінімум 60—65 тысяч. Тут ужо міжволі выкруціш у калідоры лішнюю лямпачку, пачнеш выключаць усе прыборы з сеткі, а ваду на чай грэць не ў электрачайніку, а на газе — пакуль і яго не нармавалі.

“Камуністычны” мінімум.

“А што рабіць адзінокім жанчынам, гэтыя светлыя галовы з Мінэнергетыкі падумалі?! — абураецца Надзея Шчэрба. — Я вучуся і жыву ў Мінску, аднак калі прыязджаю да мамы ў Маладзечна, то кожны раз сэрца сціскаецца. У яе былі шыкоўныя доўгія валасы, а пасля падаражання вады перад мамай паўстала дылема: альбо мыцца радзей, каб эканоміць ваду, але хадзіць пры гэтым чушкай з бруднай галавой, або даглядаць валасы, як і раней, але пераплачваць за ваду… У выніку пастрыглася. А цяпер што — яна яшчэ і фенам, і плойкай, і падоранай ЗВЧ-печкай будзе баяцца карыстацца, каб не нагарала лішняе? Паколькі мама яшчэ не пенсіянерка, то ніякія льготы ёй не “свецяць”, а на зарплату менш за мільён нават у райцэнтры хапае толькі на самае неабходнае”.

На сёння са зніжкай электраэнергія прадастаўляецца толькі 10 катэгорыям ільготнікаў, сярод якіх героі Беларусі, інваліды вайны, блакаднікі Ленінграда і некаторыя іншыя. Як будзе сітуацыя са льготамі пасля ўвядзення дыферэнцыраванай платы за электрычнасць — пытанне адкрытае. Але зразумела, што ўсюды, дзе захоўваецца падзел на льготнікаў і ўсіх астатніх, захоўваюцца і магчымасці для злоўжыванняў, падманаў і махлярства.

Іншую праблему бачыць сям’я Кацярыны і Віталя Семчанак. “Мы ўжо гадоў восем як здымаем кватэру ў Мінску, але так дорага жытло, як у апошні год, для нас яшчэ не было, — расказвае Кацярына. — У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек — гаспадыня, а насамрэч пражываюць трое. Адпаведна, у норму па вадзе мы не ўкладваемся аніяк, хоць ты са скуры вылузніся. Больш за тое, даведаліся, што нават пры афіцыйным афармленні дагавора найму будзем плаціць па высокім тарыфе, бо льготны дзейнічае толькі па месцы нашай рэгістрацыі. Думаю, тое самае будзе і са святлом: якую б норму ні зацвердзілі, мы з двума камп’ютарамі і дзіцем-школьнікам, якому штодня трэба рыхтаваць заданні пры нармальным святле, у “камуністычны” мінімум наўрад ці ўкладзёмся”.

Было б добра, каб людзі з высокіх крэслаў паказалі асабісты ўзор — вось мэр едзе на працу на веласіпедзе, апарат Саўміна дапамагае ўцяпліць вокны на зіму ў дзіцячым доме, і г.д.

Мы не халяўшчыкі, а партнёры!

Безумоўна, выйсце ёсць заўсёды. Можна, нарэшце, замяніць усе лямпачкі на энергаэфектыўныя — адна такая, спажываючы 11 Вт, па магутнасці роўная 60-ватнай звычайнай. Затое і каштуе ад 45 да 100 тысяч рублёў за адзінку — не кожны сабе дазволіць.

Можна, як раяць спецыялісты і падказвае школьны падручнік па фізіцы, грэць не поўны чайнік, а роўна столькі вады, колькі трэба на дадзены момант. Праўда, тады давядзецца часцей выдаляць накіп, які зніжае цеплаправоднасць і “з’ядае” лішнюю энергію.
Можна перайсці на дыферэнцыраваную па часе сістэму аплаты і ўсталяваць (за ўласны рахунак) двухтарыфны лічыльнік электрычнасці — пацягне як мінімум на 1,2—1,5 млн. Затое, кажуць, акупляецца.

Можна перачытаць дакументацыю на ўсе электрапрыборы ў доме і рабіць усё правільна: не ставіць гарачае ў халадзільнік, не пакідаць месяцамі ў рэжыме чакання прайгравальнікі, не забываць мяняць мяшкі пыласоса, падбіраць посуд адпаведна дыяметру канфорак электрапліты і г.д.

А галоўнае, на думку псіхолага Леаніда Шчамялёва, не даваць загнаць сябе ў кут:

— Павышэнне тарыфаў на ваду, электрычнасць, газ — гэта вымушаная і непазбежная мера, што кожны з нас разумее. Іншая справа, пад якім соусам гэта ўсё падаецца. Узгадайце: нам дзесяцігоддзямі паўтараюць, што мы аплачваем паслугі ЖКГ менш як на палову ці нават на трэць. Гэта значыць, ідзе ціск на падсвядомасць чалавека: ты ўтрыманец, халяўшчык, ты вінен дзяржаве да канца веку. Каму такое спадабаецца? Зразумела, кожнае наступнае павышэнне цэн, якім бы апраўданым яно ні было, выклікае ўсплёск негатыву. А вы нагадайце сабе: я грамадзянін гэтай краіны, сумленна працую, і з маіх падаткаў пэўная частка ідзе ва ўсе бюджэтныя сферы, у тым ліку на адукацыю, медыцыну, ЖКГ. Таму не дзяржава ўтрымлівае мяне, а ўсе мы — дзяржаву. Што да эканоміі, дык яна, безумоўна, патрэбна, але было б добра, каб людзі з высокіх крэслаў паказалі асабісты ўзор — вось мэр едзе на працу на веласіпедзе, апарат Саўміна дапамагае ўцяпліць вокны на зіму ў дзіцячым доме, і г.д.

Між тым, нядаўна намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў мімаходзь заўважыў, што нарматыў на цеплавую электраэнергію ўводзіць не плануецца, “прынамсі, сёлета”. А значыць, не за гарамі павышэнне гэтых самых нарматываў на гэтую энэргію.
А можа, як трапна прыгадаюць начытаныя людзі, і на глыбокія ўздыхі.

Вікторыя ПРАКАПОВІЧ

Да ведама

Колькі ў сярэднім спажываюць бытавыя электрапрыборы

ПрыборСпажывае за гадзіну, кВтЧас працы, гадзін у дзеньЗа месяц, кВт
Лямпачка напальвання0,06-0,147,2-12,0
Энергаэфектыўная лямпачка0,009-0,01541,08-1,8
Тэлевізар ВК0,05-0,246,0-24,0
Тэлевізар ЭЛТ*0,06-0347,2-36,0
Халадзільнік*1.0-1,520,0-40,0
Камп’ютар0,5460,0
Ноўтбук0,08-0,149,6-12,0
Пральная машына*1,0-2,54 гадзіны ў тыдзень16,0-40,0
Чайнік1,5-2,50,2511,25-18,75
Прас0,8-2,50,256,0-18,75
Рэжым чакання DVD, тэлевізара0,005243,6
Электрапліта151,5675,0



Поделиться ссылкой: