Максім  Багдановіч пахаваны ў Ялце, на беразе сіняга мора…  Там  яго вечны спачын. Максімава маці – Марыя Апанасаўна – знайшла свой апошні прыстанак на могілках у Гродне. А вось дзе пахаваны ейны бацька Апанас Янавіч Мякота, дзед светача нацыянальнай паэзіі, да 2006 года ніхто не ведаў…

І тое было кепска, асабліва ўлічваючы, што на Беларусі спрадвеку шанавалі дзядоў – і жывых і памерлых… Але і гэтая недарэчнасць была ўрэшце выпраўлена. Дзякуючы збегу розных абставін, Боскай літасці, а перадусім вымогласці Уладзіміра Георгіевіча Дарагужа, чэрвеньскага краязнаўцы і проста цудоўнага чалавека, мы цяпер дакладна ведаем: дзед Максіма Багдановіча па матчынай лініі Апанас Янавіч Мякота пахаваны на Чэрвеньскіх гарадскіх могілках.

Здавалася б, раённыя ўлады пасля агалоскі пра знойдзеную магілу Максімавага дзеда тут жа павінны былі ўстрапянуцца, прывесці надмагілле ў парадак. Тым больш, што набліжаліся Дзяды, а таксама 120-годдзе самога Максіма Багдановіча. Але…

І сёлета месца апошняга спачыну Апанаса Мякоты выглядала забытым і занядбаным. Каменны помнік меў варты жалю выгляд – верхняя частка адбіта, на месцы, дзе – па-ўсяму – знаходзіўся крыж, зеўрала адтуліна. І толькі на шэрым тле каменя  выразна прачытваўся надпіс: “Здесь покоится прахь раба Божіего Афанасія Ивановича Мякото ум. 1878 г. 12 января».

Пра ўсё гэта мне  паведаў Міхась Скобла, вядомы наш  паэт, эсэіст, даследчык літаратурнай спадчыны. “Па-добраму, дык адшуканая чатыры гады таму магіла мусіла стаць культурна-гістарычнай сенсацыяй і аўтаматычна трапіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Чэрвеньскага раёна, – казаў ён, – але так не сталася. Быццам і не расказваў Уладзімір Дарагуж пра сваю знаходку гарадскім уладам, хаця ўсё было з дакладнасцю да наадварот. І прывёў Міхась словы краязнаўцы:

«Магілай дзеда Максіма Багдановіча ніхто ў Чэрвеньскім райвыканкаме не зацікавіўся. Я звяртаўся непасрэдна да загадчыцы ідэалагічнага аддзелу Галіны Гамезы, каб райвыканкам выдзеліў сродкі на добраўпарадкаванне. Але ў адказ пачуў – сродкаў няма. Нікому з мясцовых начальнікаў гэтая магіла непатрэбная. Пра маю знаходку паведамляла раёнка, чэрвеньскі журналіст Ігар Адамовіч пісаў пра яе ў рэспубліканскім друку. Ну, думаў я, заварушацца чыноўнікі. А ім хоць бы што. Праўда, пасля тае публікацыі ў Чэрвень прыязджала дырэктарка сталічнага Музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч, абяцала дапамогу са свайго боку. З тае пары пяць гадоў прайшло – і нічога так і не зроблена».

Падчас гутаркі  неяк сама сабою ўзнікла ідэя –  вярнуць надмагільны крыж Апанасу  Янавічу. Тым больш, што быў ён чалавекам веруючым – перакананым уніятам. І нягожа, каб апошнюю кропку пакінулі ва ўсёй гэтай гісторыі вандалы, якія ў невядомы час паглуміліся над магілаю хрысціяніна. Але як гэта зрабіць?

Тэлефаную свайму старому сябру Міхаілу Міхайлавічу Тураўцу, чалавеку, пра якіх звычайна кажуць – залатыя рукі… Ён і печ складзе, і зруб дома ўробіць, і пчаліны домік змайструе, і па металу – мастак… Карацей, майстар на ўсе рукі. Выслухаўшы сумнаватую гістрыю, Міхаіл Міхайлавіч – нешматслоўны, затое ўвішны па жыцці чалавек – коратка замовіў: “справа Богаўгодная, як тут адмовіць – зраблю ўсё як мае быць”. Праз якія тры дні крыж быў выраблены – адмысловы, шасціканцовы…

І вось мы ўтрох (да нас  з Махасём Скоблам далучыўся  журналіст Лявон Целеш) кіруемся ў Чэрвень, былы Ігумен – да спадара Дарагужа, каб разам усталяваць крыж на магільны камень.

Уладзімір Георгіевіч ужо чакаў нас: не марудзячы час, закідваем у багажнік цэмент, жвір, кельму і – проста да могілкаў, яны ў Чэрвені, лічы, у межах горада… Але пакуль калываліся па гарадскіх ухабах, цікаўлюся ва Ўладзіміра Георгіевіча, як так здарылася, што натрапіў ён магілу дзеда Багдановіча. Той і расказвае:

“У 2006 годзе – акурат на Вялікдзень – прыйшоў я пакланіцца жонцы Валянціне Мікалаеўне, яна тут пахавана. Але які краязнавец не зацікавіцца старадаўнімі надмагільнымі помнікамі, ды яшчэ занядбанымі, невядомымі. Убачыў вялікі камень, парослы ўжо мохам… Натуральна, саскроб той мох і прачытаў надпіс. І ажно аслупянеў, ледзь не ў скронях забіла – гэта ж той Мякота, які даў жыццё Марыі, маці Максіма Багдановіча. Іншы прайшоў бы міма, а я то ведаў і пра Максіма, і пра Адама Ягоравіча, і пра астатніх з сям’і Мякотаў і Малевічаў – калі не ўсё, то амаль усё… Што цікава (амаль нейкая метафізічная з’ява), пасля заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта мяне накіравалі на працу ў сярэдню школу вёскі Возера – за якія 30 кіламетраў ад Мінска. Гэта па слуцкай шашы… Дык вось, Мякоты і Малевічы – продкі Багдановіча на зямлі Ігуменскай. А ў Возеры побач са школаю стаяла, ды і цяпер стаіць, царква, у якую нам – настаўнікам – барані Божа, ні нагою… Але цікава не тое, ведаеце, а што побач з Возерам – вёска Мякоты… Дык вось, дзед Максімаў якраз і паходзіць з гэтых Мякотаў. У сям’і і герб свой меўся. А бацька Апанаса Мякоты Ян Мякота быў святаром у Возерскай царкве – уніяцкім, канечне. І яшчэ адно дзіўнае  супадзенне, калі вам цікава… Але пра яго як-небудзь іншым разам, бо ўжо прыехалі на могілкі.”

Вось і магіла Апанаса  Янавіча, на гэты раз прыбраная, з  кветкамі, прысыпаная жоўценькім жвірам. “Па маёй просьбе пастараліся месцічы, – кажа Уладзімір Георгіевіч, – і бардзюры паставілі зноўку. Першы раз як абнеслі тымі бардзюрчыкамі магілу, то праз нейкі час нехта іх скраў, прыйшлося яшчэ раз замаўляць…”

Закасалі рукавы і  пад наглядам мясцовага коціка па мянушцы Пятровіч – ён, па словах спадара Уладзіміра, звычайна прыходзіць сюды, згледзеўшы людзей – пачалі ўсталёўваць  крыж на месца. Праз якіх хвілін сорак справа была зроблена – і каменнае надмагілле набыло зусім іншы выгляд, быццам, так і было заўсёды… А потым, як заведзена, прачыталі малітву, тую, на беларускай мове, што з нядаўняй пары месціцца на шыльдзе ў Іерусаліме поруч з астатнімі 163-ма на розных мовах свету… Дасць Божа, яшчэ і святар асвенціць крыж. Абавязкова! Бо дзядоў на Беларусі шанавалі і шанавацьмуць – покуль род беларусаў інсавацьме на гэтай зямлі.

На магіле дзеда Багдановіча з’явіўся крыж (фотарэпартаж)

На магіле дзеда Багдановіча з’явіўся крыж (фотарэпартаж)

На магіле дзеда Багдановіча з’явіўся крыж (фотарэпартаж)

На магіле дзеда Багдановіча з’явіўся крыж (фотарэпартаж)

Фота аўтара



Поделиться ссылкой: