Той, хто хоць аднойчы  перасякаў беларускую дзяржмяжу на сваім  аўтамабілі, ведае, якая гэта цягамоціна: памежнікі  і мытнікі выцягнуць вантробы, пакуль ты атрымаеш дазвол на выезд у Еўропу. Усялякі раз ты мусіш ім ледзь  не кланяцца, каб атрымаць той кантрольны талон ці  дазвол рухацца далей пасля прыдзірлівага агляду транспартнага сродку. Прыходзіцца кожны раз вылазіць з аўтамабіля, стаяць у чарзе і чакаць “прысуду”…

Цяпер сітуацыя пачынае мяняцца. Але не паўсюль, а толькі на пераходзе Каменны лог. З пачатку месяца службоўцы Смаргонскай памежнай групы сумесна з ашмянскімі мытнікамі і транспартнай інспекцыяй дазваляюць грамадзянам, якія перасякаюць мяжу ў якасці пасажыраў, не выходзіць з аўтамабіля. Цяпер ужо няма патрэбы стаяць у чарзе да кабінак транспартнага і пашпартнага кантролю… Дастаткова апусціць шкло і працягнуць службоўцу свае паперы. Пакуль аўтамабіль рухаецца ў “зялёным” калідоры, вашыя дакументы правяраюцца і вяртаюцца на выездзе.

Гэткі ж парадак для  легкавікоў і на ўездзе на тэрыторыю Беларусі, з той толькі розніцай, што кантрольны талон па-ранейшаму выдаецца на пад’ездзе да пункту пропуску і забіраецца пры выездзе. У “чырвоным” калідоры аўтамабіль, як і раней, накіроўваецца на мытны кантроль. Не памяняліся правілы і для грузавога транспарту, роўна як і для пешаходаў. Эксперымент, па-усяму, мае на мэце хоць крышачку наблізіцца да еўрапейскіх памежных стандартаў…



Поделиться ссылкой: