Што здарылася? — патэлефанаваў у рэдакцыю маёр запасу з Барысава Анатоль Голуб. — У снежні я атрымаў пенсію на 130 тысяч меншую, чым у лістападзе. Звязаўся са знаёмымі, былымі ваеннымі, ім таксама пенсію ўрэзалі, некаторым амаль на 300 тысяч. І пры гэтым ніхто нічога не патлумачыў. А як жа тады ставіцца да заяў, што ў краіне ў першую чаргу думаюць пра малазабяспечаных — пра інвалідаў і пенсіянераў?

Мы патэлефанавалі ў Міністэрства абароны і даведаліся, што сапраўды пенсіі ваенных пенсіянераў у снежні паменелі ў параўнанні з лістападаўскімі. І хутчэй за ўсё такімі ж застануцца і ў студзені.

Аказваецца, званкоў у міністэрства з гэтай нагоды было зашмат і таму ў ведамаснай газеце «Во славу Родины» з’явілася тлумачэнне выконваючага абавязкі начальніка 2-га аддзела 3-га ўпраўлення галоўнага фінансава-эканамічнага ўпраўлення Міністэрства абароны палкоўніка Валерыя Логінава.

Як патлумачыў спецыяліст, у лістападзе былі пералічаны памеры пенсій усім катэгорыям пенсіянераў Міністэрства абароны. Акрамя таго, пры выплаце пенсій у лістападзе была зроблена даплата, звязаная з пераразлікам пенсій за верасень 2011 года. “Паколькі памер індэксацыі за адпаведны месяц агалошваецца ў канцы наступнага месяца, то даплата пенсіі з улікам індэксацыі грашовага забеспячэння за верасень 2011 года была выплачана разам з пенсіяй за лістапад, — патлумачыў палкоўнік Логінаў. …Памер даплаты пенсіі за верасень склаў у лістападзе гэтага года 134,8–252,8 тысячы рублёў. У снежні 2011 года выплата пенсіі ажыццяўлялася без уліку ўсялякіх даплат у сувязі з індэксацыяй грашовага забеспячэння”.

Акрамя таго, Валерый Логінаў адзначыў, што “пенсіі пенсіянерам Міністэрства абароны будуць выплачвацца ў снежні 2011 года і ў студзені 2012 года без уліку індэксацыі. У тым выпадку, калі даходы насельніцтва за снежань 2011 года будуць праіндэксаваны ў студзені 2012 года, адпаведная даплата пенсій у сувязі з яе пералікам за снежань 2011 года будзе выплачана разам з пенсіяй за люты 2012 года”.



Поделиться ссылкой: