Мітрапаліт Кандрусевіч просіць пра памілаванне асуджаных на расстрэл

1

«Звяртаюся да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і заканадаўчай улады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, каб затым зусім яго адмяніць», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю для сайта Catholic.by, кажучы пра апошнія падзеі ў беларускім грамадстве — смяротны прысуд, вынесены Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.

“Перш за ўсё трэба адзначыць, што ніякі тэрарыстычны акт не можа быць апраўданы і злачынцы павінны атрымаць справядлівае пакаранне, — заявіў Тадэуш Кандрусевіч. — Паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, якое на гэтую тэму вельмі шырока прадстаўлена у Катэхізісе, абарона супольнага дабра патрабуе, каб злачынца быў пазбаўлены магчымасці чыніць зло. Высілак дзяржавы з мэтай не дапусціць распаўсюджвання паводзін, якія парушаюць правы чалавека і асноўныя прынцыпы супольнага грамадскага жыцця, адпавядае патрэбе абароны супольнага дабра.

Правамоцная грамадская ўлада мае права і абавязак устанавіць пакаранне, прапарцыянальнае цяжару злачынства. Першай мэтай пакарання з’яўляецца выпраўленне непарадку, выкліканага злачынствам. Акрамя абароны грамадскага парадку і бяспекі людзей, яно павінна садзейнічаць выпраўленню вінаватага.

Калі поўнасцю ўстаноўлена асоба і адказнасць злачынцы, то традыцыйнае вучэнне Касцёла не выключае смяротнага пакарання, але толькі тады, калі гэта адзіны магчымы спосаб абароны чалавечага жыцця ад несправядлівага агрэсара. У той жа час Касцёл заклікае да бескрывавых метадаў стрымання і пакарання злачынцаў, паколькі яны найбольш адпавядаюць канкрэтным умовам агульнага дабра і годнасці чалавечай асобы. Сёння, звяртаючы ўвагу на магчымасці, якімі валодае дзяржава для прадухілення цяжкага злачынства і абясшкоджання злачынцы, не пазбаўляючы канчаткова вінаватага магчымасці выправіцца, выпадкі абсалютнай неабходнасці выкарыстання смяротнага пакарання ўжо вельмі рэдкія, а нават практычна ўжо не існуюць. Пра гэта сцвярджаў пры жыцці благаслаўлёны Ян Павел II”.

“З усёй рашучасцю трэба адзначыць, што жыццё чалавека з’яўляецца самым вялікім Божым дарам, які трэба бараніць ад зачацця да натуральнай смерці. Нават калі злачынства было варварскім, пакаранне не павінна быць такім, бо паводле навучання Хрыста, мы павінны кіравацца прынцыпам не «вока за вока і зуб за зуб», але прынцыпам любові, і нават да тых, хто чыніць нам зло, — дадаў мітрапаліт Кандрусевіч. — Зрэшты, і Праваслаўная Царква, сацыяльнае вучэнне якой вельмі блізкае да вучэння Каталіцкага Касцёла, мае вельмі падобны падыход да справы смяротнага пакарання. У асновах сваёй сацыяльнай канцэпцыі Праваслаўная Царква таксама заклікае да памілавання асуджаных, што дае новыя магчымасці для пакаяння злачынцы.

Беручы пад увагу хрысціянскае вучэнне па гэтай праблеме і ўзгадваючы словы Езуса Хрыста «міласэрнасці хачу, а не ахвяры» (Мц 12, 7), звяртуяся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і заканадаўчай улады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, каб затым зусім яго адмяніць, замяніўшы пажыццёвым пазбаўленнем свабоды, і памілаваць усіх асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Гэтага просіць Каталіцкі Касцёл разам з Папам і біскупамі ва ўсім свеце для тых краін, у якіх яшчэ існуе кара смяротнага пакарання”.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!