Яшчэ на пачатку верасня гэтага года з’явілася інфармацыя, што быццам бы балгарскі міністр замежных спраў Мікалай Младзенаў падчас сустрэчы з кіраўніком беларускай краіны прапанаваў таму за вызваленне палітзняволеных 2 мільярды еўра і аднаўленне адносін з Еўрасаюзам, а па выніках перамоў накіраваў ліст Вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і кіраўнікам знешнепалітычных ведамстваў ЕС. У прыватнасці, паведамлялася, што паабяцана вызваліць усіх палітзняволеных напрыканцы кастрычніка.

Сёння на вуліцы ўжо снежань, а галоўныя фігуранты па справе 19 снежня па-ранейшаму ў няволі… Міжнародная грамадскасць, безумоўна, перыядычна робіць з гэтай нагоды заявы, але, як бачым, эфекту яны не даюць.

Станіслаў ШУШКЕВІЧ, экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі:

— Трэба дзейнічаць салідарна, чаго, на вялікі жаль, няма. У нас заўсёды адна і тая ж бяда — бачыць перш за ўсё свае лакальныя праблемы. Нават калі размаўляеш з тымі, хто па палітычных матывах атрымаў прытулак у замежжы, то яны замест таго, каб сказаць: “Мы ўсё робім тут для вызвалення палітзняволеных”, пачынаюць скардзіцца на свае праблемы. Не салідарызаваліся мы ў тым, што нашы лепшыя прадстаўнікі знаходзяцца ў няволі. Той жа Зянон Пазьняк схаваўся за мяжой, як мыш пад венікам, і дае нейкія парады. Людзі даўно страцілі разуменне таго, што тут адбываецца. Такім жа чынам, на вялікі жаль, дзейнічаюць і іншыя.

Аляксандр БУХВОСТАЎ, кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Беларускай партыі працоўных:

— На мой погляд, існуе некалькі шляхоў. Па-першае, неабходна зноў звяртацца да міжнароднай грамадскасці, каб яны дамагліся эфектыўных санкцый супраць беларускага кіраўніцтва і такім чынам вымусілі б пайсці на саступкі ў выглядзе вызвалення “палітычных”. Па-другое, трэба працаваць з расійскімі праваабаронцамі. І, натуральна, трэба ўздымаць хвалю ў Беларусі. Бо пра палітзняволеных сёння ўсё ведае апазіцыя, але не простыя людзі. Ды і ў гэтай апазіцыі няма адзінства. А няма адзінства — няма інфармацыйнай работы. Кожны сам па сабе.

Міхаіл ЧЫГІР, былы прэм’ер-міністр Беларусі:

— Акрамя таго, як прасіць дапамогі ў Еўропы, іншых варыянтаў не бачу. Еўрасаюз можа праводзіць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да беларускіх улад. Я спадзяюся, што да Новага года палітзняволеных вызваляць.

Рыгор КОСТУСЕЎ, намеснік старшыні Партыі БНФ:

— Павінен быць шэраг захадаў праз беларускае грамадства і сусветную супольнасць. Толькі агульнымі намаганнямі можна чагосьці дасягнуць. Агульная пазіцыя павінна быць па гэтым пытанні і ў апазіцыі. Думаю, паціху людзей з няволі будуць выпускаць.

Андрэй КЛІМАЎ, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, былы палітзняволены:

— На гэты момант усё рабілася для таго, каб не дамагчыся вызвалення палітзняволеных. Не даводзіцца абмяркоўваць варыянты вызвалення, пакуль дасканала не разбяромся ў папярэдніх падзеях. А да гэтага Міжнародны валютны фонд падтрымліваў беларускую ўладу рэсурсамі, афіцыйныя асобы Еўрасаюза напрамую вялі перамовы з гэтай уладай без прадстаўнікоў дэмакратычнага грамадства, кіраўнікі краін Еўрасаюза аказвалі падтрымку беларускай уладзе, калі прыязджалі з візітамі, вялі дыялогі міністры замежных спраў Польшчы і Германіі, кангрэсмены ЗША… Вось і складваецца мазаіка. Я лічу, што менавіта з-за нявызначанасці пазіцыі ў Еўрасаюзе і ЗША ў адносінах да беларускай улады і склалася такая сітуацыя, што палітзняволеныя знаходзяцца за кратамі.

Леў МАРГОЛІН, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

— Дасягнуць чагосьці можна толькі агульнымі намаганнямі дэмакратычнага асяродку Беларусі, інфармацыйнай працай з народам і супрацоўніцтвам з Еўропай.

Валянцін СТЭФАНОВІЧ, праваабаронца:

— Даволі складанае пытанне. Як мне бачыцца, у нашай сённяшняй сітуацыі нейкіх унутраных палітычных і тым больш прававых механізмаў, якія можна было б эфектыўна задзейнічаць для вызвалення палітзняволеных, няма. Таму падаецца, што толькі знешнія палітычныя фактары могуць паспрыяць гэтаму вызваленню. Пры гэтым — цэлы шэраг фактараў і дзеянняў. У першую чаргу гаворка ідзе пра Еўрасаюз і яго магчымасці. Расія таксама магла б паспрыяць, але яна не будзе гэтага рабіць, таму што гэта не ў задачах сённяшняга расійскага кіраўніцтва. У яго іншыя планы, і фінансавая дапамога Беларусі не абстаўляецца ніякімі ўмовамі такога кшталту.

Поделиться ссылкой: