Расстраляць, нельга памілаваць…

9

У дзень вынясення прысуду актавая зала Дома правасуддзя была перапоўнена — сваякі загінуўшых, пацярпелыя, сведкі, праваабаронцы… Дзяжурылі ў зале і медыкі.

Абвінавачаных прывялі ў клетку хвілін за 15 да агалошвання прысуду. І Канавалаў, і Кавалёў выглядалі спакойнымі, прынамсі, ніякіх яўных эмоцый на іх тварах прачытаць было нельга. Спакойна было і зале: ніякіях выкрыкаў накшталт “Забойцы, вас трэба расстраляць!..”з месцаў не гучала. На агалошванні прыгавору прысутнічала маці аднаго з абвінавачаных — Любоў Кавалёва. Яна за гэты час проста счарнела ад гора. І ў сераду было відавочна, што жанчына трымаецца з апошніх сіл. Бацькоў Дзмітрыя Канавалава не было, яны толькі раз з’явіліся на працэсе як сведкі, але ад дачы паказанняў адмовіліся.

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў, які старшынстваваў па справе, з’явіўся ў зале суда роўна ў 11.00.

Прысуд умясціўся на 114 лістах, яго чытанне можа заняць прыкладна пяць гадзін… — сказаў ён з намёкам. —  А вось рэзалюцыйная частка  — усяго 14 лістоў”. Тым не менш пацярпелыя папрасілі чытаць прыгавор цалкам.

Дзіўны гэта аказаўся дакумент. Такое склалася ўражанне, што адвакатаў ці то проста не было на працэсе, ці то іх чамусьці не чулі, ці то іх довады ігнараваліся. Прычым падчас нават без тлумачэнняў.

Суд палічыў даказанай віну Дзмітрыя Канавалава, а Уладзіслаў Кавалёў, які, здавалася б, і ў метро не быў, і тую торбу ў дзень выбуху не нёс, быў празнаны вінаватым у саўдзеле. Пакаранне за выкананне злачынства і саўдзел у ім па нашым заканадаўстве аднолькавае. Матывам злачынстваў суд назваў “дэстабілізацыю сітуацыі”. Праўда, навошта тая дэстабілізацыя Канавалаву была патрэбна, так і не высветлілася.

“Улічваючы выключную небяспеку для грамадства, суд прыгаварыў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу”, — вымавіў нарэшце Аляксандр Федарцоў…

Адразу пасля гэтага канвой надзеў на Канавалава і Кавалёва кайданкі. Самі абвінавачаныя, пачуўшы прысуд, не вымавілі ні слова. А вось зала выбухнула гучным: “Ганьба!..” Раптам загаласіла нейкая дзяўчына: “Дзіма, чаму ты маўчыш, скажы!” А Уладзіслаў Кавалёў, адшукаўшы вачыма маці, прыклаў да вуснаў палец…

Такім чынам, прысуд вынесены. У той жа дзень, як паведамілі з Віцебска, камунальшчыкі пачалі прыбіраць падвал Канавалава — тую самую “лабараторыю”, дзе, па версіі следства, рабіліся выбухоўкі. Акрамя таго, згодна з прыгаворам, амаль усе рэчавыя доказы па гэтай справе, акрамя запісаў з відэакамер і відэазапісаў следчых эксперыментаў, будуць знішчаны.

Навошта?.. Чаму трэба знішчыць макет выбухоўкі, які падчас следства зрабіў першы “тэрарыст” у найноўшай беларускай гісторыі?..

Цяжка даць адказы на гэтыя пытанні.

“Мой сын не здзяйсняў гэтага вар’яцкага злачынства. Такі прысуд быў вынесены толькі з-за таго, што ён змяніў свае паказанні ў судзе. Я абавязкова буду пісаць зварот на імя прэзідэнта”, — сказала пасля агалошвання прыгавору Любоў Кавалёва. Яна ўжо напісала хадайніцтва аб сустрэчы з сынам.

Падзяліліся ў меркаваннях пасля вынясення прысуду і пацярпелыя.

“Напэўна, гэта яны, — сказала маці загінуўшага ў метро Віталя Дайнекі. — Але што  з гэтага? Сына мне ніхто не верне”.

А вось Ілля Макарэвіч, які таксама назіраў за працэсам, адзначыў: «Могуць пацярпець невінаватыя людзі. І нават калі іх невінаватасць будзе даказана, ад гэтага нікому лягчэй не стане. Зараз не проста абвясцілі смяротны прысуд, але яшчэ і доказы знішчаюць».

Па злой іроніі лёсу, менавіта 30 лістапада, у дзень вынясення расстрэльнага прыгавору Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, у свеце адзначаўся Дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. І нават Папа Рымскі выступіў з вялікай прамовай на тэму, што смяротная кара — гэта дзікунства і сярэдневякоўе. Але…

Адзіны шанц застацца ў жывых для Канавалава і Кавалёва — гэта памілаванне з боку Аляксандра Лукашэнкі. Праваабаронцы і палітыкі ўсяго цывілізаванага свету патрабуюць не прыводзіць у выкананне прыгавор Кавалёву і Канавалаву, бо шмат у каго яго справядлівасць выклікае сумненне. Але беларуская рэчаіснасць такая, што менавіта з гэтай прычыны апошні выстрал можа прагучаць вельмі хутка.


Поделиться ссылкой:


[su_box title="Мы есть в Telegram!" style="default" box_color="#DD3333" title_color="#FFFFFF" radius="3" class="" id=""] Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram! [/su_box]