Пасля вынясення прысуда была склікана спецыяльная прэс-канферэнцыя, на якой першы намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед, першы намеснік старшыні КДБ Віктар Вягера, часова выконваючы абавязкі міністра ўнутраных спраў Беларусі Алег Пякарскі і намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук, які прадстаўляў на судзе абвінавачанне, адказалі на пытанні журналістаў.

Напачатку прэс-канферэнцыі Андрэй Швед заўважыў, што апошнім часам у СМІ  часта з’яўлялася неправільная, а часам і ілжывая інфармацыя, мэтай якой быў ціск на суд. Прэсс-мерапрыемства, па логіцы, павінна было гэтыя пытанні зняць. Ці знятыя яны — мяркуйце самі…

“Многім не падабаецца, што следства ў такія кароткія тэрміны раскрыла справу, — сказаў Швед. – Але гэта асабістая справа кожнага”.

Сам намеснік старшыні Следчага камітэта ў вінаватасці Канавалава і Кавалёва ўпэўнены.

“Больш за тое, на 100% магу сказаць, што за абвінавачваемымі ніхто не стаяў”, — адзначыў ён.

Першы намеснік старшыні КДБ Віктар Вягера адзначыў, што раскрыццё тэрарыстычных актаў стала магчымым “з-за стварэння ў Беларусі сістэмы супацьдзеяння тэрарызму. Адна з прычын, чаму так хутка раскрылі злачынства, – вопыт спецыялістаў ў галіне выбухова-тэхнікі і экспертаў”.

У сваю чаргу часова выконваючы абавязкі міністра ўнутраных спраў Беларусі Алег Пякарскі адзначыў, што з моманту выбуха ў метро да затрымання Канавалава і Кавалёва прайшло 27 гадзін. Па словах Пякарскага, калі б 12 красавіка Канавалаў і Кавалёў не былі затрыманы, то з раніцы 13-га па тэлебачанню сталі б паказваць фота мяркуемых тэрарыстаў, такім чынам звяртаючыся па дапамогу да насельніцтва.

Пякарскі не адмовіў і той факт, што пры затрыманні Канавалава і Кавалёва прымянялася фізічная сіла. Падазраваных затрымлівалі байцы спецпадраздзялення “Алмаз”. Прымяненне фізічнай сілы было абгрунтавана асаблівай небяспечнасцю злачныцаў.

А вось Андрэй Швед, у сваю чаргу, абверг інфармацыю аб тым, што падчас папярэдняга следства да Кавалёва і Канавалава прымянялася фізічнае ўздзеянне.

“З іх літаральна пыліну здзьмувалі, — сказаў Швед. — Даходзіла да таго, што Канавалаў прыходзіў на допыт і казаў: “Я аб’еўся”. І час допыту прыходзілася пераносіць”.

Віктар Вягера распавёў пра ўмовы ўтрымання Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва ў СІЗА КДБ.

“Яны не ўтрымліваліся ў адзіночнай камеры, з імі разам сядзелі іншыя людзі. Канавалава і Кавалёва мы аберагалі – ежу ім дастаўляліі ў спецыяльных герметычных тэрмасах, каб не было магчымасці атруціцца, а адзенне перапрасоўвалі…”

Як жа ўдалося вылічыць Канавалава і Кавалёва? Паводле слоў Алега Пякарскага, “засекчы” адрас знаходжання Канавалава і Кавалёва ўдалося пасля таго, як Канавалаў выйшаў са здымнай хаты на вуліцы Караля за гарэлкай. Пры гэтым заўвага журналістаў аб тым, што сведка Яна Пачыцкая на судзе сказала, што ніхто нікуды з хаты не выходзіў, засталася без каментароў…

Яшчэ адно пытанне, якое не давала спакою назіраючым за працэсам, чаму на адзенні Канавалава не знойдзены сляды выбуховых рэчаў? Эксперт экспертна-крыміналістычнага цэнтра МУС Беларусі Сяргей Яўмененка адзначыў, што на Канавалаве і не магло быць слядоў выбуховага рэчыва, таму што знайсці іх мікрачасткі можна ў людзей, якія знаходзяцца на адлегласці прыкладна ў 2,5 метра ад выбуховай прылады. Да таго ж эксперт адзначыў, што выбуховыя рэчавы, лёгка змываюцца і для таго, каб знішчыць іх сляды, Канавалаву дастаткова было памыць рукі і твар (!).

У сваю чаргу намеснік Генпракурора Аляксей Стук яшчэ раз падкрэсліў: віна прыгавораных да растрэла Канавалава і Кавалёва цалкам паццвярджаецца матэрыяламі справы, паказаннямі сведкаў і саміх абвінавачваемых.



Поделиться ссылкой: