У Мінску прадставілі новую кнігу “Адзін дзень палітвязня” складзеную журналістамі Радыё Свабода.

“Кніга скончана. Наша гісторыя – не. Працяг будзе…” — гэтымі словамі складальнік кнігі “Адзін дзень палітвязня” журналіст Радыё Свабода Ганна Соусь скончыла першую кнігу, прысвечаную беларусам, якія трапілі за краты за свае палітычныя погляды. Працяг кнігі з’явіўся куды раней, чым гэтага хацелася б. Пасля 19 снежня 2010 года ў нашай краіне з’явілася столькі ж палітвязняў, як за мінулыя 12 гадоў.

48 чалавек, 48 гісторый жыцця, захапленняў, поглядаў звычайных беларусаў. Сярод герояў кнігі паэт, анархіст, праграміст, слесар, рабочы… Ёсць сярод іх і тыя, хто трапляў у турму не раз, але не здрадзіў сваім перакананням.

“Напярэдадні судоў мы звярнуліся да родных, сяброў, калег, паплечнікаў палітвязняў з просьбай расказаць пра гэтых людзей: дзе вучыліся, чым займаліся, што любілі, чаму пайшлі на Плошчу, — піша ў пасляслоўі да кнігі Ганна Соусь. — Так з’явіліся першыя партрэты на фоне кратаў”.

На прэзентацыі кнігі таксама прысутнічалі сваякі тых, хто сёння адбывае пакаранне па палітычных прычынах. Маці, жонкі і сёстры беларускіх палітвязняў перадавалі сваім мужчынам самыя цёплыя і прачулыя словы. Маці Андрэя Саннікава прачытала ліст, які напярэдадні прэзентацыі атрымала ад сына з калоніі…

Свае вершы чыталі Уладзімір Някляеў і Аляксандр Фядута, палітыкі, якія самі ведаюць кошт дням, праведзеным у турме. Кожны з былых палітзняволеных, што прысутнічалі на прэзентацыі, сказаў некалькі слоў аб сваім лёсе і выказаў падтрымку таварышам, што засталіся за кратамі.

Кожны, хто трымаў у руках кнігу “Адзін дзень палітвязня”, спадзяваўся, што гэтая кніжная серыя не будзе працягнута ў Беларусі.

Гісторыя палітвязняў зноў не скончана (фотарэпартаж)

Гісторыя палітвязняў зноў не скончана (фотарэпартаж)

Гісторыя палітвязняў зноў не скончана (фотарэпартаж)

Гісторыя палітвязняў зноў не скончана (фотарэпартаж)

Гісторыя палітвязняў зноў не скончана (фотарэпартаж)

Гісторыя палітвязняў зноў не скончана (фотарэпартаж)

Поделиться ссылкой: