Ніяк не каментуючы вераломны “секвестр” (чыноўнікі з Міністэрства інфармацыі і Міністэрства асветы не пажадалі сустрэцца з карэспандэнтам “Народнай Волі”), ліквідатары дзіцячых выданняў спасылаюцца на тое, што прынята такое рашэнне і гаварыць тут як бы няма чаго… Трэба, маўляў, выконваць распараджэнне, а не таўчы ваду ў ступе. Ім і ў галаву не прыходзіць (ці, можа, робяць выгляд), што зачыстка беларускамоўя — гэта нахабны крок да адлучэння цяперашняга і будучага пакаленняў беларусаў ад іх крэўнага, таго вызначальнага, што і робіць беларуса беларусам, а не манкуртам, ды яшчэ з прылепкаю… “тутэйшы”.

“Раніца” будзе выходзіць укладкаю ў “Настаўніцкай газеце”, а “Бярозка” — уклейкаю ў часопісе “Маладосць”, — супакойваюць у абодвух міністэрствах, — і гэта, маўляў, аптымальны варыянт, паколькі дзіцячыя выданні, бачыце, “непад’ёмныя” для бюджэту…
Наколькі “непад’ёмныя” і хацелася высветліць, але “выдавецкая бухгалтэрыя”, так атрымліваецца, — не для грамадскага кантролю. Некалькі разоў спрабаваў сустрэцца з галоўным рэдактарам “Настаўніцкай газеты” спадаром Кнышавым (пад дахам гэтага спецыялізаванага выдання выходзіла да апошняга часу “Раніца”) — каб абмеркаваць гэтую “стратнасць”, той “пакутніцкі” фінансавы крыж, які валачэ на сваіх плячах “Настаўніцкая…” разам з міністэрствамі. Але рэдактар наадрэз адмовіўся сустрэцца. “Без каментарыяў”, — перадала ягоныя словы сакратарка. Міністэрскія павялі сябе адпаведна: пытанне вырашана, няма чаго абмяркоўваць…

Можна, канечне, паверыць (і гэта насамрэч так), што дзіцячыя выданні — не прыбытковыя, стратныя. Але хіба так павінна ставіцца пытанне? Хіба ўсе астатнія перыядычныя выданні жывуць у раскошы? Што, многія з іх не датуюцца з дзяржбюджэту?.. Не сакрэт, практычна ўсе кормяцца з аднаго карыта і толькі часткова пакрываюць свае выдаткі. А пра тое, якім макарам робяцца тыражы дзяржаўных газет (уключаючы “самую тыражную”), і казаць не варта: падпісныя кампаніі не тое што нагналі аскому, а жудасную пякотку ў журналісцкіх вантробах. Што тычыцца ўтрамбовачнага адміністрацыйнага рэсурсу — то гэта асобная песня, вартая быць занесенай у Кнігу рэкордаў Гінеса… Словы з тае песні нікому так не ўеліся ў пячонку, як самім журналістам дзяржвыданняў. Але пакінем убаку “паспяховыя” газеты з іх нулявымі дывідэндамі для акцыянераў… Лепш спытаем: каму і дзеля чаго смыліць накласці лапу на беларускамоўную дзіцячую перыёдыку?

Рытарычнае пытанне, паколькі адказ на яго вядомы самаму апошняму ёлупню ў краіне малапужаных уладароў. Свярбіць і смыліць у таго, хто ўсё беларускае не выносіць на дух… У таго, хто арганізаваў і правёў моўны рэферэндум, паставіў крыж на беларускамоўнай асвеце і адукацыі; хто рукамі наёмных гістарыяпісцаў пнецца перайначыць гісторыю Бацькаўшчыны; хто ўпэўнены, што нічога путнага на роднай мове ні выказаць, ні напісаць, ні патлумачыць свету — ніяк немагчыма. І няўцямкі “правадырам нацыі”, што ёсць у нас дактары навук, нават акадэмікі — шырока вядомыя ў навуковым свеце, якія з поспехам чытаюць лекцыі па вышэйшай матэматыцы аспірантам, робяць навуковыя адкрыцці, карыстаючыся (страшна вымавіць!)… роднай мовай.

Значыцца, сабака закапаны не ў патаемных дзяржаўна-фінансавых сховах, а зусім навідавоку, на самым вяршку піраміды, дакладней — вертыкалі. Дзе той вяршок — тлумачыць залішне…
Цяпер адносна матывацыі магільшчыкаў. Удушэнне раднамоўя для ўгодлівых чыноўнікаў — найлепшы спосаб дагадзіць начальству, выслужыцца, утрымацца ў падсядзёлку (надзейнага сядла няма нават у самых набліжаных), словам, падсядзельна-рэптыльная псіхалогія. Тут усё на мяжы жывёльнага страху, прыстасаванства і падлашчвання. Іншадумства, не кажучы пра нейкі супраціў, караецца дзяржымордамі імгненна. Крок улева ці ўправа — і ты на абочыне, у кювеце. Дарэчы, цяпер, аказваецца, адной лаяльнасці да ўлады ўжо мала: нават “хістацца разам з лініяй вертыкалі” нікому не дазволена — толькі “хвост пісталетам” і “нос па ветры”!
Зачыстка беларускамоўнага друку, увогуле роднамоўя — стратэгічная мэта закапёршчыкаў-магільшчыкаў. Тактыка простая, амаль такая ж, як і пры акцыяніраванні і прыватызацыі прамысловых прадпрыемстваў, — спачатку пасадзіць на фінансавую мель, збанкрутаваць, а пасля купіць (прадаць), не забыўшыся пра адкаты. Розніца адна: газета “Раніца” — не тавар, а ўсяго толькі стрэмка ў адным месцы, і яна муляе “пятай калоне”… Гэтаксама як і “Чырвоная змена”, “Бярозка”, “Вясёлка”, тая ж “Звязда”… Дзе гарантыя, што праз нейкі час самай беларускай з усіх дзяржаўных газет — “Звяздзе” — не настане поўны “звяздзец”?.. Тут не прэцэдэнт маецца на ўвазе, а тэндэнцыя: спачатку распраўляюцца з тымі, хто не за страх, а за сумленне слугуе роднаму слову, нацыянальным інтарэсам, а пасля выкошваюць тое, што імі ўзгадавана, выпешчана, перададзена ў спадчыну…

 “Раніцу” пачалі гвалціць не ўчора, а дзясятак гадоў таму, акурат, калі ёй споўнілася… 70 гадоў. Выпадкова ці не, але менавіта ў свой юбілейны год дзіцячая газета непазнавальна змянілася. Прычым у лепшы бок. Як быццам і тая, ранейшая — спакойная, па-добраму задзірыстая, насычаная разнастайнай інфармацыяй чатырохпалосная “Піянер Беларусі”, але ж і іншая — цяпер ужо “Раніца” — шаснаццаціпалосная, у колеры, па-сучаснаму звярстаная, вачэй не адарваць. І тыраж не маленькі — больш за трыццаць тысяч… Невялічкая рэдакцыйная каманда, якую ўзначальваў Міхась Хамец, была поўная надзей і планаў…

“Кожны з нас адчуваў, — успамінае Міхась Дзмітрыевіч, — што газета цалкам запатрабавана дзецьмі, яе ўспрымаюць як надзейнага сябра, дарадчыка. Мы атрымлівалі тысячы пісем ад сваіх падпісчыкаў. Здавалася, ранішні світанак будзе доўжыцца вечна… Але раптоўна ўсё памянялася. Некаму з чыноўнікаў, думаю, на самым версе, узбрыло ў галаву прысабачыць дзіцячае выданне да “Настаўніцкай газеты”. І гэта, як цяпер разумею, было пачаткам цяперашняга краху… А для мяне асабіста — удар пад самы дых. Пературбацыя скончылася тым, што вытурылі мяне з “Раніцы”, з той самай газеты, якой аддаў усё… Прычым “падарунак” прымеркавалі да майго ўласнага пяцідзесяцігоддзя. Уяўляеш?.. Да такога даходзілі хіба што езуіты ў раннім сярэднявеччы…”
Выходзіць, “Беларусь” перажывае езуіцкі рэнесанс, так бы мовіць, адраджэнне найгоршага ў еўрапейскім засценку. І, мусіць, спадар Дарэнка (скандальнавядомы расійскі журналіст) меў рацыю, абазваўшы цяперашнюю Беларусь еўрапейскім глухменнем, а сваю Масковію — сталіцай азіятчыны. Адно непадалёку ад другога, бо і там і тут смярдзіць аднолькава… Ну як яшчэ сказаць па-іншаму, калі ад дзеянняў цяперашніх псеўдарэфарматараў так і патыхае злавоннем? Вытурылі на вуліцу прафесіянала, талковага рэдактара, таленавітага ва ўсіх адносінах, а нанялі нейкага Гайдука. Мала таго, што той Гайдук ні носам ні рылам у дзіцячай праблематыцы, ніколі па-сапраўднаму не ўнікаў у пытанні дзіцячай прэсы, дык яшчэ аказаўся… злодзеем. У выніку — турма, тоўсты дрот… І што выгадалі “Раніца”, беларуская дзятва ад такой ліхой рэфармацыі? Нічога добрага. Затое выгадала “пятая калона”, амаль нябачная, схаваная ў ценю баабаба ці там афрыканскай пальмы — як каму бачыцца… З аднаго боку — патрафілі баабабу, значыцца, адклалі на нейкі час уласны “секвестр”; з другога — адпомсцілі ўсім “нячэсным”, паказалі, хто ў хаце сапраўдны дзяржаўнік… А тое, што ў краіне пад назваю Беларусь нішчыцца аснова ўсяго — мова тытульнай нацыі — гэта рэфармацыйныя выдаткі, неістотнае. Галава “вертыкалі” заклапочаны, бачыце, што пісьменнікі чаргінцоўскага прызыву ніяк не народзяць твор, падобны на “Войну и мир”… Такога і не здарыцца ніколі, пакуль свабода творчасці стрыножана ідэалагічнымі путамі. А тут яшчэ і самі пісьменнікі, набраўшы вады ў рот, маўкліва пазіраюць, як нішчыцца літаратурная калыска, тая самая, што люляла цяперашніх “класікаў” ў пару маленства, а потым ставіла іх на крыло… Хіба не так? Абсалютная бальшыня паэтаў, празаікаў, драматургаў пачынала свой шлях з той жа “Бярозкі”… А як сёння, і што будзе заўтра?

“Толькі ў Мінскім раёне, — з горыччу расказвае мне Мікалай Чарняўскі, вядомы паэт, аўтар амаль трыццаці кніг для дзяцей і падлеткаў, — дзейнічае шаснаццаць літаратурных гурткоў, аб’яднаных у творчае згуртаванне “Васілёк”. Ім ужо зараз няма дзе друкавацца, а калі “Раніцу” і “Бярозку” абкарнаюць, “уклеяць” у дарослыя выданні, то можна ставіць крыж на падлеткавай творчасці. А галоўнае — парушыцца сувязь пакаленняў, роднае слова канчаткова задыхнецца… Не ведаю, але мне здаецца, што гэтая навала невыпадковая — некаму проста карціць задушыць літаратурныя парасткі, якія і ёсць усяму пачатак…”

Прыкладна гэтак мысляць і астатнія літаратары, грамадзянская пазіцыя якіх ніяк не стасуецца з “маўчаннем ягнят”, сагнаных у новаўтвораны Саюз паслухмяных… Дзе пакорнасць, згодніцтва, несвабода, там не пульсуе творчае жыццё, там — затхласць і руціна. Але гэта, па ўсім відаць, цалкам задавальняе цяперашніх літаратурных генералаў і іх галоўнакамандуючага. Шэсце па татальным знішчэнні беларускасці працягваецца…

P.S. Падумайце толькі: хто з бацькоў будзе выпісваць дзецям-школьнікам “Настаўніцкую газету”, каб мець укладку “Раніцы”? Тое ж самае і з “Бярозкай”…
Браткі-беларусы, манкурты нішчаць самае для нас святое, а мы маўчым?
Александр

Поделиться ссылкой: