Суд у Быдгошчы адхіліў апеляцыю актывіста Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў” Ігара Шчэкарэвіча. Беларус апратэстоўваў рашэнне польскай пракуратуры, якая прызнала правамоцнай забарону бел-чырвона-белага сцяга падчас баскетбольнага матчу Беларусь-Літва чэмпіяната Еўропы сярод жанчын. Аднак суд стаў на бок пракуратуры і прызнаў правільнай забарону беларускага нацыянальнага сцяга. Пра гэта сайту “Народнай Волі” паведамілі ў прэс-службе Цэнтра “Супрацоўніцтва  без межаў” .
Раней пракуратура Быдгашча вызнала, што бел-чырвона-белы сцяг “не з’яўляецца абавязковым нацыянальным сцягам Беларусі”. Таму беларускія заўзятары не мелі права ўжываць яго на матчы. Адмову Шчэкарэвіча выйсці з залы польская пракуратура ацаніла як “актыўны супраціў супрацоўнікам аховы”. Ужыванне сілы супраць Шчэкарэвіча пракуратура не лічыць правапарушэннем.
Нагадаем, што інцыдэнт з забаронай беларускага  сцяга адбыўся сёлета, 25 чэрвеня. Служба аховы стадыёна, дзе праходзіла гульня, перашкаджала групе беларускіх заўзятараў разгарнуць бел-чырвона-белыя сцягі, а потым выдаліла беларусаў са стадыёна.

Поделиться ссылкой: