Людзі неаднаразова ўздымалі перад уладамі праблему захавання зялёнай зоны ў перанаселеным мікрараёне. Апроч таго, на тэрыторыі парка знаходзіцца калектар з артэзіанскай вадой. Будаўніцтва новых дамоў і забаўляльнага комплекса пазбавіць жыхароў і іх дзяцей месца, дзе тыя маглі адпачываць і займацца спортам.

Напярэдадні правядзення сходу, 24-га лістапада, старшыню “Еўрапейскай перспектывы” Віктара Янчурэвіча выклікалі ў міліцыю Першамайскага раёна сталіцы, дзе яму ўручылі папярэджанне аб недапушчэнні арганізацыі і асабістага ўдзелу ў масавым мерапрыемстве. Намеснік старшыні аддзела прафілактыкі Першамайскага РУУСа Казлоўскі патлумачыў, што папярэджанне тычыцца запланаванага на 27.11.2011 г. сходу ініцыятыўнай групы па правядзенні рэфэрэндума ў абарону Севастопальскага парка.

Віктар Янчурэвіч заявіў: “Падобныя дзеянні ўлад  выклікаюць здзіўленне. Колькі ўжо часу мы займаемся захаваннем парка, гэта не першы сход  з мясцовымі жыхарамі на яго  тэрыторыі, але падобных дзеянняў ніколі не было. Відаць, улады заклапочаны нашай спробай правесці рэфэрэндум, працай з мясцовымі жыхарамі і распаўсюдам інфармацыі аб сапраўдным стане праблемы, і хочуць прыпыніць актыўнасць запалоханнем і пагрозай прыцягнення да адказнасці. Але мы не збіраемся спыняцца, будзем даводзіць распачатую справу да канца, бо людзі павінны мець магчымасць абараніць свой парк, і піць чыстую ваду”.

Поделиться ссылкой: