Алесю Бяляцкаму прысудзілі чатыры з паловай гады ўзмоцненага рэжыму (абноўлена)

3

Яшчэ за паўтары гадзіны да вынясення прысуду па справе Алеся Бяляцкага ля ўваходу ў судовую залу сталі збірацца людзі — дыпламаты, палітыкі, праваабаронцы, журналісты… Сярод прысутных былі заўважаны амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Таццяна Равяка, пісьменнікі Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч і іншыя.

У паветры вісела нямое пытанне: які прысуд прагучыць? Праваабаронца Уладзімір Лабковіч выказаў думку, што суд, у прынцыпе, можа прызначыць Бяляцкаму большае пакаранне, чым папрасіў пракурор Уладзімір Сайкоўскі. Напярэдадні вынясення прысуду дзяржабвінаваўца патрабаваў для Бяляцкага 5 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Але суд мог прыняць абсалютна любое рашэнне, бо падстаў для змякчэння пакарання для Бяляцкага з юрыдычнага пункту гледжання быццам бы не было — Бяляцкі не прызнаў сваёй віны ні на следстве, ні ў судзе.

Алеся прывялі ў залу за паўгадзіны да агалошвання прысуду. У клетцы Бяляцкі трымаўся спакойна, нават з лёгкай усмешкай на твары. “Алесь, мы цябе кахаем!” — віталі Бяляцкага праваабаронцы-жанчыны.  “Я вас таксама”, — адгукаўся ён.

Прызначанае на 11 гадзін раніцы агалошванне прысуду распачалося са спазненнем — судовая зала, разлічаная на 60 чалавек, была забітая людзьмі “пад завязку” — работнікам суда нават прыйшлося ўносіць дадатковыя крэслы. А за дзвярыма ў гэты час знаходзілася ледзь не ўдвая больш людзей, чым у зале суда, — усім ахвочым падтрымаць Алеся Бяляцкага папросту не хапіла месца.

Па просьбе праваабаронцы прысуд быў агучаны цалкам. Суддзя Сяргей Бандарэнка чытаў яго хутка, раз-пораз глытаючы словы і  іх канчаткі.

Аб тым, што справа Бяляцкага закончыцца рэальным зняволеннем для праваабаронцы, стала зразумела яшчэ да  таго, як суддзя дайшоў да рэзулятыўнай часткі прысуду. “Абвінавачанне цалкам абвергла довады невінаватасці… Суд лічыць, што магчымае толькі пазбаўленне волі з канфіскацыяй, і не знаходзіць магчымасці для больш мяккага пакарання…” — гучала з вуснаў суддзі. Падчас чытання прысуду праваабаронца Таццяна Равяка дастала плакат са здымкам Алеся Бяляцкага — судовая ахова ніяк на гэта не адрэагавала…

У выніку цуду не адбылося. Суд прызнаў сродкі, якія меліся на замежных рахунках Бяляцкага, ягоным асабістым даходам. Довады абаронцы Бяляцкага і самога Алеся аб тым, што гэтыя грошы выкарыстоўваліся на праваабарончую дзейнасць, да ўвагі прыняты не былі. Суд палічыў віну праваабаронцы даказанай і прыгаварыў яго да 4,5 года зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, страты, нібыта нанесеныя бюджэту Бяляцкім, суд вызначыў у буйную суму — больш за 721 мільён рублёў. Таксама Бяляцкі вымушаны заплаціць у бюджэт 36 мільёнаў дзяржпошліны. Нагадаем, што на пачатку судовага працэсу над Бяляцкім, у справе фігуравала сума ў 352 мільёна беларускіх рублёў. Менавіта столькі Бяляцкі, па версіі следства, завінаваціў бюджэту. Лічба ў 721 мільён узнікла з улікам інфляцыі ў Беларусі… Маёмасць Бяляцкага, у тым ліку і зарэгістраваную на іншых асоб, адбяруць дзеля выканання гэтага прысуду…

Судовую залу суддзя Бандарэнка пакідаў хутка. Пад гучныя воклічы  прысутных “Ганьба!”.

Паспяшаўся пакінуць будынак суда і дзяржабвінаваўца Уладзімір Сайкоўскі. Аднак на выхадзе з судовай залы здзеклівымі апладысментамі яго сустрэлі паплечнікі Бяляцкага.

Шок. Менавіта так можна ахарактарызаваць атмасферу, якая была ў холе суда пасля вынясення прысуду Бяляцкаму. Плакала Таццяна Равяка. Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук з цяжкасцю падбірала словы. “Буду трымацца…” — сказала яна.

Гэта чорны дзень для беларускіх праваабаронцаў, — сказала пасля вынясення прысуду праваабаронца Раіса Міхайлоўская. — Прысуд Бяляцкаму — гэта адзнака, дадзеная ўладамі дзейнасці праваабарончага цэнтра. Вельмі жорсткая адзнака за тое, што праваабарончы цэнтр “Вясна” сапраўды дапамагаў людзям. Гэта была рэальная дапамога, асабліва тым, хто апынуўся ў бядзе пасля падзей 19 снежня. Прысуд Бяляцкаму —  чарговы сігнал грамадству з боку ўлад: маўляў, супраціўляцца беззаконню няма сэнсу. Што да справы, то, на мой погляд, ніякіх аб’ектыўных доказаў віны Алеся ў судзе не прагучала. Відавочна, справа і прысуд маюць палітычны падтэкст…”

Лепшы сябра Алеся Бяляцкага паэт Эдуард Акулін сказаў, што Бяляцкі абавязкова вытрымае выпрабаванне турмой. “Я хадзіў амаль на ўсе судовыя пасяджэнні па справе Алеся, — кажа ён. — Здавалася, што ўсё гэта сніцца. Судовы працэс нагадваў фарс-вадэвіль і, на вялікі жаль, быў рэальнасцю…

Ведаючы Алеся з 1979 года, магу сказаць: у яго вельмі моцны ўнутраны стрыжань, ён вытрымае гэтае выпрабаванне, бо яшчэ 30 гадоў таму абазначыў сваё жыццёвае крэда. Яно фармулюецца словамі Ларысы Геніюш: “Як жыць, дык жыць для Беларусі…”

Абаронца Алеся Бяляцкага Дзмітрый Лаеўскі ад каментарыяў па справе адмовіўся, сказаўшы толькі, што прысуд Бяляцкаму ён будзе абскарджваць у Мінскі гарадскі суд…

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!