19 кастрычніка яму выпісалі штраф памерам 4 727 330 рублёў. Інспектары ўказалі, што  праваабаронца ўхіліўся ад выплаты падаткаў па неасцярожнасці. 

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што супрацоўнікі інспекцыі далі яму падпісаць пастанову яшчэ да таго, як былі ўзятыя нейкія тлумачэнні. Гэта, на думку праваабаронцы, парушэнне заканадаўства. Прэтэнзій да падаткавікоў Стэфановіч не выказвае, а абскарджвае толькі саму пастанову.

Валянцін Стэфановіч паведаміў, што дакументы, якія інспекцыя атрымала з Літвы з SEB банка, перакладзены не цалкам. У раздрукоўках, якія напісаны па-англійску, утрымліваецца інфармацыя пра мэты грашовых пераводаў, што, на думку Стэфановіча, з’яўляецца істотным момантам для даказвання самога факту правапарушэння.

Суддзя Партызанскага суда Марыяна Валчкова заслухала ўсе аргументы і перанесла далейшы разгляд скаргі на 2 снежня. Валянцін Стэфановіч лічыць, што гэта зроблена невыпадкова. На 2 снежня прызначаны яшчэ адзін працэс, на якім будуць разглядаць саму пастанову, якую праваабаронца аспрэчвае. “Ва ўсякім выпадку суддзі лёгка будзе арыентавацца, бо ўжо будзе прынята рашэнне, паводле якога мяне, хутчэй за ўсё, прызнаюць правапарушальнікам. Відавочна, што была каманда зверху і таму не цяжка здагадацца які будзе вырак”, — сказаў Валянцін Стэфановіч.

Калі суд прыме рашэнне не на карысць Стэфановіча, то яму з улікам пені давядзецца заплаціць усяго каля 40 мільёнаў рублёў.

Поделиться ссылкой: